У Ізраілі тэрарыст ХАМАС абстраляў цывільны аўтобус
- 29.11.2024, 20:44
- 1,208
Восем чалавек параненыя, стралка ліквідавалі.
Тэрарыст ХАМАС адкрыў агонь па цывільным аўтобусе на Заходнім беразе ракі Ярдан у пятніцу, 29 лістапада. У выніку нападу сама меней восем чалавек атрымалі раненні, трое з іх – у цяжкім стане, паведамляе The Times of Israel.
Як паведаміла служба хуткай дапамогі, падчас нападу чатыры чалавекі атрымалі лёгкія траўмы ад разбітага шкла.
Брыгады Аль-Касам, ваеннае крыло ХАМАСу, узялі на сябе адказнасць за стральбу і апублікавалі імя стрэлка. Гэта 46-гадовы Самір Мухамад Ахмад Хусэйн.
Адзначаецца, што нападнік мог дзейнічаць у складзе групы або атрымаў зброю і транспартны сродак ад суўдзельнікаў для здзяйснення нападу. Аднак, паводле вынікаў абследавання мясцовасці паблізу скрыжавання, дзе адбыўся інцыдэнт, войска выключыла магчымасць удзелу іншага тэрарыста.
Паводле папярэдняга расследавання ЦАХАЛу, Хусэйн выехаў з раёна Наблуса па дарозе, дзе адсутнічаюць унутраныя кантрольныя пункты, спыніў аўтамабіль на збочыне дарогі і, падышоўшы да аўтобуса, адкрыў агонь.
Сілы Цахала, дыслакаваныя ў гэтым раёне, абясшкодзілі нападніка.
Пасля пачатку вайны ў Газе 7 кастрычніка 2023 года на Заходнім беразе ракі Ярдан, які знаходзіцца пад кантролем ізраільскіх сілаў бяспекі, назіраецца значны рост гвалту, зазначае выданне.
2 кастрычніка амбасадар Украіны ў Ізраілі Яўген Карнійчук паведаміў, што ў выніку страляніны ў ізраільскім Тэль-Авіве загінулі сем чалавек, пацярпелі 16 – сярод іх грамадзянка Украіны.