У Менскім раёне сілавікі ўчынілі аблаву на мігрантаў
- 29.11.2024, 20:54
- 6,440
Затрыманыя 34 чалавекі.
У Менскім раёне міліцыя затрымала 34 чалавекі. Усе яны замежнікі (вядома, што сярод іх ёсць грамадзяне Афганістана) і парушылі міграцыйнае заканадаўства. У затрыманні ўдзельнічаў АМАП. Цяпер з замежнікамі праводзіцца разбіральніцтва. Ім пагражае дэпартацыя.
Падобныя паказальныя затрыманні асобных групаў мігрантаў адбываюцца ў Менскім раёне (часцей за ўсё ў Калодзішчах) перыядычна. Міліцыянты прыходзяць на відавочна вядомыя ім адрасы і забіраюць замежнікаў, а пасля пішуць, што натыкнуліся на іх «пры адпрацоўцы жылога сектару».
Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс у апошнія гады на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Прадугледжваецца, што ён дзейнічае супольна з РФ. Згаданы крызіс стаў прычынай увядзення супраць Беларусі санкцый, закрыцця на межах з краінамі Еўразвязу пунктаў пропуску.
Мігранты да гэтага часу прадаўжаюць прарывацца ў Польшчу. «Нягледзячы на тое, што тэрыторыя на мяжы з беларускага боку з'яўляецца зонай, даступнай толькі беларускім службам, стала там з'яўляюцца людзі, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу», – адзначае Польская памежная служба.