«Эканоміка РФ вось-вось абрынецца»
15- 3.11.2024, 11:02
- 16,886
З'явіўся яшчэ адзін «званочак».
З'явіўся яшчэ адзін трывожны для расейскай эканомікі званочак, які сведчыць аб будучай хвалі банкруцтваў кампаній. Эканоміка Расеі ўжо не выцягвае так званую «спецаперацыю».
Пра гэта ў сваім блогу ў Telegram піша расейскі Z-ваенкар Максім Калашнікаў, паведамляе «Дыялог.UA».
Ён звярнуў увагу на навіну, што амаль 40% прадпрымальнікаў РФ сутыкнуліся ў апошні час з ростам пратэрміновак па аплатах з боку сваіх контрагентаў.
Гэта прадвеснік вельмі вялікіх эканамічных праблем у краіне.
«Як і ў 90-я гады, вяртаецца бізун эканомікі і бюджэту - нявыплаты. Ад нявыплат контрагентаў больш за ўсё пакутуюць апрацоўчая прамысловасць і гандлёвыя кампаніі», - напісаў Калашнікаў.
Ён мяркуе, што гэта вынік рэкорднага падвышэння ключавой стаўкі ў РФ у спробе стрымаць інфляцыю.
На думку Z-ваенкара, ужо ў будучым 2025 годзе Расея можа сутыкнуцца з хваляй банкруцтваў ключавых прадпрыемстваў краіны.
Гэта прывядзе да «дэзарганізацыі тылу» і, у канчатковым выніку, да паразы ў вайне супраць Украіны.
«Улада гэта разумее, а таму пойдзе на замірэнне. Нават на ўмовах Захаду. Інакш яна сутыкнецца з эканамічным крызісам і неабходнасцю праводзіць мабілізацыю рэзервістаў, наступствы якой рызыкуюць стаць «выбухнымі», - напісаў Калашнікаў.
Фактычна, з яго слоў, Расеі так і не ўдалося дабіцца ніводнай з мэт так званай «СВА». «Ад вайны выйгралі многія, але толькі не РФ. І не Украіна», — канстатаваў «стаўшы відушчым» прапагандыст.