30 лiстапада 2024, Субота, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сілавікам хочуць даць чарговы супердоступ да некаторых звестак беларусаў

4
Сілавікам хочуць даць чарговы супердоступ да некаторых звестак беларусаў

Змяненні датычацца паштовай сувязі.

У Беларусі хочуць увесці змены ў заканадаўства, якое датычыцца паштовай сувязі. Адпаведны законапраект разглядаюць у «палатцы», паведамляе «Люстэрка».

У законапраекце прапісалі, што нацыянальны аператар паштовай сувязі, гэта значыць «Белпошта», павінна забяспечыць праектаванне, стварэнне, мадэрнізацыю, эксплуатацыю і суправаджэнне адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і захоўвання звестак пра перамяшчэнні паштовых адпраўленняў. У праекце закона яе скарочаная назва – сістэма ўліку і захоўвання звестак. Таксама прапісана, што «Белпошта» з'яўляецца ўладальнікам і аператарам гэтай базы.

Таксама гэтая арганізацыя павінна ўносіць у гэтую сістэму інфармацыю пра паштовыя адпраўленні ад кліентаў. Пры гэтым чыноўнікі маюць намер пашырыць паўнамоцтвы ўраду – вызначаць інфармацыю пра паштовыя адпраўленні, якая падпадае пад цэнтралізаваныя зборы і захоўванне ў базе.

«Белпошта» пры гэтым павінна «забяспечваць кругласутачны доступ да сістэмы ўліку і захоўвання звестак органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». Відавочна, гаворка пра тое, каб даць сілавікам доступ да гэтай базы ў рэжыме 24/7, каб яны маглі ў любы час сутак атрымліваць з яе звесткі.

Чыноўнікі адзначаюць, што асноўная задача законапраекта – удасканаліць працэс выяўлення прадметаў і рэчываў, якія забароненыя для перасылкі ў паштовых адпраўленнях.

А як цяпер пошта ўзаемадзейнічае з сілавікамі (прынамсі, з дакументаў)

У законе, які датычыцца працы пошты, прапісаныя абавязкі паштовых аператараў ва ўзаемадзеянні з органамі, якія праводзяць аператыўна-вышуковую дзейнасць.

Сярод такіх абавязкаў:

падаваць інфармацыю пра карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі і пра зробленыя ім паслугі паштовай сувязі, а таксама іншую інфармацыю;

спрыяць у правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў;

забяспечваць доступ да базаў звестак, аўтаматызаваных сістэмаў аператара паштовай сувязі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках