Пра народнага футбаліста менскага «Дынама» Аляксандра Пракапенку здымуць фільм
8- 4.11.2024, 21:33
- 3,358
Жыццё ўлюбёнца беларускіх заўзятараў было поўнае ўзлётаў і падзенняў.
У Маскве пачалася праца над сцэнарам мастацкага фільма пра футбаліста Аляксандра Пракапенку – чэмпіёна СССР 1982 года ў складзе менскага «Дынама», народнага ўлюбёнца беларускіх заўзятараў, паведамляе betnews.by.
Здымаць карціну будзе расейскі рэжысёр Аляксандр Баршак, які вядомы з фільмаў «Дзень выбараў-2», «Ёлкі-іголкі», «Маскоўскія таямніцы», «Мая любімая здань».
– У нас ёсць сінопсіс – сцэнарная распрацоўка з асноўнымі лініямі фільма. А пакуль разам з іншым аўтарам сцэнарыя Сяргей Качаргіным збіраем матэрыял. Займаемся так званым перадпрадакшнам, – сказаў Аляксандр Баршак.
Аматарам футболу вядома, што пра лёс Аляксандра Пракапенкі, які памёр у 1989 годзе ва ўзросце 35 гадоў, было знята некалькі дакументальных фільмаў і напісаная кніга.
Адзін з фільмаў, які выйшаў на экраны ў 2016 годзе, называўся «Аляксандр Пракапенка. Народны футбаліст».
– Магу смела сказаць: усё, што ёсць пра Пракапенку, вы знойдзеце ў нашым фільме, – казаў тады адзін з ягоных аўтараў Сяргей Лісічкін.
Шмат намаганняў у захаванні памяці пра бацьку прыкладае Дзмітрый Пракапенка, сын Аляксандра. Ён – прадусар будучага мастацкага фільма.
– Мы шмат чыталі, шмат глядзелі, ужо сустракаліся з Сяргеем Бароўскім і Ігарам Гурыновічам, – сказаў рэжысёр фільма. – Плануем яшчэ раз з'ездзіць у Менск, каб грунтоўна пагутарыць з трэнерамі Эдуардам Малафеевым і Веніямінам Арзамасцавым. І, вядома, іншымі партнёрамі Аляксандра ў залатым складзе.
Дарэчы, Сяргей Лісічкін у суаўтарстве з Дзмітрыем Пракапенкам напісалі кнігу «Аляксандр Пракапенка. Народны футбаліст».
Увогуле, усе гэтыя матэрыялы – вялікая дапамога для творчай групы будучай карціны. А як яны імі распарадзяцца – ацэняць заўзятары і людзі, якія асабіста ведалі выдатнага футбаліста.
Нагадаем, што Аляксандр Пракапенка нарадзіўся ў Бабруйску 16 лістапада 1953 года. Тамсама стаў займацца футболам. У 1970–1972 гадах гуляў за мясцовы «Будаўнік», дзе быў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату БССР. У 1972-м яго запрасілі ў «Дынама» – галоўную каманду краіны, якая выступала ў чэмпіянаце СССР.
Аляксандр хутка ўпісаўся ў каманду і стаў адным з яе лідараў. У 1974-м найлепшым бамбардзірам з 14 мячамі быў форвард Эдуард Малафееў, а за ім – з 9 галамі – паўабаронца Пракапенка. Тры сезоны запар – у 1977–1979 гадах – ён быў найлепшым снайперам.
У 1982-м, у год чэмпіёнства менскага «Дынама», Пракапенка правёў 30 матчаў і забіў 11 галоў. Заўзятары са стажам да гэтага часу ўспамінаюць ягоны гол-шэдэўр у гульні супраць галоўнага канкурэнта – кіеўскага «Дынама».
На гульні ў Менску Аляксандр нейкім чынам злаўчыўся ў адзін дотык прабіць пяткай. 50 тысячаў чалавек літаральна ўзляцелі ў паветра ад захаплення! У гэтым быў увесь Пракоп – тэхнар з неардынарным мысленнем і галявым нюхам.
Юрый Пудышаў, легендарны футбаліст і партнёр Аляксандра, успамінаў, што гэты гол быў забіты ў першым тайме, а калі каманда выходзіла на другі, то заўзятары стоячы віталі свайго героя.
– У мяне нават слёзы на вачах. 50 тысячаў пляскаюць стоячы сапраўднаму генію, – расказваў Пудышаў.
Перад вызначальнай «залатой» гульнёй супраць «Спартака» у Маскве Пракапенка быў траўмаваны і мог бы і не згуляць. Але ён так хацеў выйсці на поле, што ўгаворваў лекара Дзмітракова:
– Максімыч, тужэй перавязвай, каб каленны сустаў трымаўся. Зрэшты, калі не атрымаецца, усё роўна буду гуляць. Нават на адной назе.
І адгуляў увесь матч, а менчукі перамаглі 4:3.
У кароткім жыцці Аляксандра хопіць яскравых падзей не толькі на фільм, але і на серыял.
Як тут не ўспомніць, што заяву ў ЗАГС ягоная нявеста Наталля аднесла... з айцом Аляксандра!
– Бо ў Сашы вечна то зборы, то гульні, а калі дадому прыязджаў – гэтая ўстанова была зачыненая, – расказвала жонка. – У выніку аддаў мне пашпарт: «З бацькам аднясіце заяву. Там дату прызначаць. «Дынама» мяне, спадзяюся, на ўласнае вяселле адпусціць».
А як Пракоп знік у траўні 1983-га падчас турнэ каманды па ЗША?! Ужо самалёт гатовы да вылету, а футбаліста няма. Высветлілася, што гэта эмігранты з Бабруйска «выкралі» куміра, накармілі, надарылі сувеніраў, нават магнітафон прэзентавалі.
Пасля залатога сезону 1982 года ягонае жыццё пайшло ўніз.
Схільнасць да алкаголю і ўсенародная любоў былі не найлепшымі спадарожнікамі. У рэстаране аркестр сустракаў Пракопа футбольным маршам, а ад ахвотных выпіць з ім не было адбою.
Справіцца з сабой ён не змог. У 1983-м годзе Пракапенка згуляў толькі 12 матчаў за «Дынама», а ў 1984 годзе патрапіў у Лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП), куды накіроўвалі на прымусовае лекаванне ад алкагалізму.
Пасля ён вярнуўся ў футбол, але ненадоўга. У 1989-м зноў быў адпраўлены ў ЛПП. Памёр Аляксандр Пракапенка 29 сакавіка 1989 года.
Жыццё Пракопа было поўнае ўзлётаў і падзенняў. Пра Пракапенку да гэтага часу памятаюць заўзятары са стажам, а фільм можа адкрыць яго для новага пакалення.