21 лiстапада 2024, Чацвер, 23:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Еўропе ўпершыню канфіскавалі грошы «Газпрама»

7
У Еўропе ўпершыню канфіскавалі грошы «Газпрама»

За парушэнне газавых кантрактаў.

Грошы, якія належаць «Газпраму», упершыню былі канфіскаваныя ў Еўразвязе ў рамках шматмільярдных пазоваў, пададзеных супраць расейскай кампаніі праз спыненне паставак газу ў 2022 годзе.

Нямецкі канцэрн Uniper, у мінулым найбуйнейшы пакупнік расейскага газу ў Нямеччыне, атрымаў і перадаў ураду 530 млн еўраў «у рамках спрэчкі з “Газпрамам” аб пакрыцці стратаў», паведамляе Reuters са спасылкай на справаздачнасць Uniper.

Гэтыя сродкі паступілі ў казну ФРГ у якасці кампенсацыі за фінансавую дапамогу, якую нямецкі ўрад аказаў Uniper, калі тая засталася без ключавога пастаўшчыка газу і ледзь не стала банкрутам. Агулам на яе выратаванне было выдаткавана больш за 13,5 млрд еўраў.

Нямецкая кампанія ў канцы 2022 года падала пазоў да «Газпрама» з патрабаваннем кампенсаваць страты ад парушэння кантрактных абавязальніцтваў. У чэрвені 2024 года Стакгольмскі арбітраж задаволіў пазоў і абавязаў «Газпрам» выплаціць $14 млрд на карысць Uniper, пасля чаго нямецкая кампанія атрымала магчымасць разарваць усе кантракты з ім і ануляваць усе абавязалніцтвы.

Грошы, якія былі пераведзеныя на рахункі нямецкага ўраду, – гэта плацёж ад Uniper «Газпраму» за жнівень 2022 года, расказала раней фінансавая дырэктарка нямецкага канцэрна Юта Донгес. Uniper не стала пералічваць гэтыя сродкі «Газпраму», паколькі той адмовіўся пастаўляць газ у кантрактных аб'ёмах, а пасля перамогі ў Стакгольмскім арбітражы атрымала права выкарыстоўваць іх, каб пагасіць свае абавязальніцтвы перад урадам.

У агульнай колькасці не менш як 19 кампаній з 11 еўрапейскіх краінаў падалі пазовы да расейскай газавай манаполіі праз парушэнне газавых кантрактаў, а іх агульны памер дасягнуў 18,6 млрд еўраў, або $20,6 млрд.

Акрамя найбуйнейшага пазову ад Uniper (на $14 млрд) блізу $1 млрд ад «Газпрама» патрабуе RWE – іншы нямецкі імпарцёр газу, які атрымліваў 1 млрд кубаметраў за год. Французская Engie падала пазоў у арбітраж, патрабуючы ад «Газпрама» больш за 300 млн еўраў. У Аўстрыі, якая прадаўжае набываць расейскі газ, забяспечваючы ім блізу 90% свайго спажывання, пазоў супраць «Газпрама» падаў найбуйнейшы энэргаканцэрн OMV: яго памер складае 575,3 млн еўраў.

Таксама пазовы супраць «Газпрама» падалі італьянская Eni (памер не раскрываецца), польская Europol Gaz (на 1,5 млрд еўраў), чэшскія Net4gas і Innogy Energie (200 млн еўраў), швэйцарскія газавыя трэйдары DXT Commodities і Axpo Solutions (амаль 1 млрд еўраў).

Агульны памер прэтэнзій да «Газпрама» перавысіў яго чыстую выручку ад продажаў газу на ўсе знешнія рынкі разам узятыя: $10 млрд за год ад паставак у Еўропу і Турцыі, $7 млрд ад паставак у Кітай і $2 млрд ад экспарту ў краіны СНД і Цэнтральную Азію, паводле ацэнак БКС.

Шматмільярдныя пазовы ствараюць рызыкі арышту плацяжоў на адрас «Газпрама» ў Еўропе, папярэджваў раней аналітык Альфа-банка Мікіта Блахін: кампаніі, якія патрабуюць кампенсацый, могуць паспрабаваць перахапіць грошы, якія астатнія пакупнікі расейскага газу пералічваюць кампаніі. Гэта, сярод іншага, можа адбыцца ў Аўстрыі, дзе нацыянальны газавы аператар OMV у канцы траўня паведаміў пра спробы «перахопу» плацяжоў на адрас «Газпрама».

Расейскай кампаніі такая сітуацыя абяцае далейшае згортванне дзейнасці ў Еўропе, мяркуе Блахін. Летась «Газпрам» прапампаваў на еўрапейскі рынак толькі 28 млрд кубаметраў газу – мінімальны аб'ём з канца 1970-х гадоў. Ягоны сукупны экспарт склаў толькі 69 млрд кубоў і стаў самым нізкім з 1985 года. Упершыню з канца 1990-х «Газпрам» закончыў год з чыстай стратай паводле міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці (МСФС), а ягоны памер – 629 млрд рублёў – стаў рэкордным за ўсю гісторыю кампаніі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках