Кот з Польшчы названы самым прыгожым у свеце
21- 7.11.2024, 15:01
- 17,338
Гадаванец абышоў звыш 1,5 тысячы канкурэнтаў.
Кот пароды расейская блакітная з Польшчы быў прызнаны самым прыгожым у свеце на міжнароднай выставе катоў FIFe World Show, якая прайшла ў Нарвээгіі. Ката клічуць Бакардзі, ён родам з Гданьска. Пра гэта паведамляе Dziennik Bałtycki.
Бакардзі нарадзіўся ў гадавальніку расейскіх блакітных котак Et Cetera Blue Pl. Заводчыца на імені Ёана Кавальчык распавяла, што з нецярпеннем чакала прыплоду, у якім нарадзіўся Бакардзі. Яна старанна падбірала бацькоў: маці ката жыве ў тым жа гадавальніку, а бацька прыбыў з іншага. Бакардзі быў чацвёртым, апошнім, самым вялікім кацянём у прыплодзе.
Заводчыца расказала, што Бакардзі ідэальна адпавядае ўсім параметрам сваёй пароды, аднак у яго ёсць асаблівасць — асаблівы бляск у вачах, які і скарыў сэрцы журы. Кот умела выкарыстоўвае сваё абаянне, каб выпрасіць ежу.
«Я заўсёды ведала, што Бакардзі - самы прыгожы кот у свеце. Я кажу яму гэта кожны дзень», - сказала заводчыца.
Паводле ейных слоў, Бакардзі кожную раніцу вызірае з акна, каб праверыць, якое будзе надвор'е і колькі птушак у садзе. Кот паспяхова абараняе дом ад назойлівых мух ці павукоў.
У рамках міжнароднай выставы котак Бакардзі выперадзіў больш за 1,5 тысячы канкурэнтаў, кожны з якіх прэтэндаваў на званне самага прыгожага ката ў свеце.
"Я бязмерна люблю яго, ён самы выдатны кот у свеце, пацвярджэнне ў мяне ўжо ёсць нават на паперы", — сказала Кавальчык.
Расейская блакітная парода лічыцца адной з самых запатрабаваных парод. Яе візітная картка - густая плюшавая поўсць. Шчыльныя кароткія варсінкі маюць роўнае попельна-блакітнае адценне, а найболей доўгія валасінкі нібы пакрытыя срэбрам, што надае поўсці высакародны матавы бляск. Яшчэ адзін прыцягальны ўвагу аспект знешнасці рускай блакітнай ― вялікія вочы насычанага зялёнага адцення. Як і ўсе кацяняты, прадстаўнікі гэтай пароды нараджаюцца з блакітнымі вачыма.
Каты гэтай пароды спакойныя і незалежныя. Яны прыязныя з дамачадцамі і выдатна знаходзяць з імі агульную мову. Цяжкасці могуць узнікнуць, калі дома маленькія дзеці - хутчэй за ўсё, расейская блакітная парода схаваецца ад дзіцяці і не будзе праяўляць залішнюю цікаўнасць.