Дзе ў Менску жыве больш за ўсё кажаноў
3- 9.11.2024, 20:16
- 3,596
Ёсць дзве важныя мясціны.
Кожную зіму рэабілітацыйны цэнтр для кажаноў "КажанаПоліс" прымае ад 100 да 150 асобін.
Пра гэта паведаміў яго заснавальнік і старшы навуковы супрацоўнік НПЦ Нацыянальнай акадэміі навук у біярэсурсах Аляксей Шпак.
У каментары агенцтву "Мінск-Навіны" ён адзначыў, што кажаноў прывозяць з усёй Беларусі.
У сталіцы часцей за ўсё іх знаходзяць у новабудоўлях комплексаў "Мінск Мір" і "Маяк Мінск", бо крылатыя аддаюць перавагу сяліцца ў гмахах.
Спецыяліст зазначыў, што беларускія віды рукакрылых даўно прыстасаваліся да жыцця ў гарадах.
Яны жывуць у шчылінах паміж бетоннымі перакрыццямі і за ашалёўкамі гаўбцоў. Часцей за ўсё іх выяўляюць зімой, калі яны ў спячцы.
Аляксей Шпак таксама распавёў, што, калі вы знайшлі кажана на гарышчы ці балконе, не варта выкідваць яго на вуліцу, бо ён загіне на марозе.
Лепш перадаць яго ў "КажанаПоліс". Там кажана змесцяць у спецыяльны мяшочак і пакінуць у звычайнай лядоўні да вясны.
У пачатку красавіка рукакрылых выпускаюць назад у прыроду.