Акупаваная Расеяй Абхазія засталася без святла
29- 11.12.2024, 18:26
- 21,622
Сітуацыя можа пагоршыцца.
Жыхарам акупаванай Расеяй Абхазіі адключылі святло. Інгурская гідраэлектрастанцыя спыненая праз недахоп вады.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на мясцовую кампанію «Чарнаморэнэрга».
Кампанія апублікавала графік, паводле якога святло абанентам уключаць з 07:00 да 21:00 усяго на 1 гадзіну 24 хвіліны.
Раней «Чарнаморэнэрга» паведаміла аб вымушаным прыпыненні працы Інгурскай гідраэлектрастанцыі «ў сувязі крытычным узроўнем вады ў вадасховішчы і недастатковым прытокам вады».
Паводле інфармацыі мясцовых выданняў, з 9 снежня электразабеспячэнне было бесперабойным толькі ў начны час.
Акупацыйная адміністрацыя паведамляла, што сітуацыя можа пагоршыцца, калі не будуць знойдзеныя сродкі для аплаты расейскага ператоку.
«Інгуры ГЭС» - самая магутная гідраэлектрастанцыя Грузіі. Яе ўвялі ў эксплуатацыю ў 1978 годзе. Плаціна, водапрыёмнік і частка тунэля знаходзяцца на тэрыторыі, якая кантралюецца грузінскімі ўладамі; частка тунэлю, пульт кіравання і будынак ГЭС - на абхазскім баку. Абхазія бясплатна атрымлівае 40% электраэнэргіі, выпрацаванай на станцыі цягам года.
Расея акупавала Абхазію ў пачатку 1990-х гадоў і размясціла там свае вайсковыя базы. Гэтая частка Грузіі прыйшла ў эканамічны заняпад.
Адзначым, крызіс пагражае і іншаму акупаванаму Расеяй рэгіёну. У Прыднястроўі (Малдова) увялі надзвычайнае эканамічнае становішча ў сувязі з рызыкай спынення паставак у рэгіён расейскага газу.