Швэйцарыя адмовілася ўводзіць падатак для звышбагатых
16- 13.12.2024, 20:48
- 3,980
Каб не нашкодзіць рэпутацыі краіны.
Урад Швэйцарыі адхіліў прапанову аб павышэнні падатку на спадчыну для звышбагатых людзей праз пагрозу нанясення стратаў рэпутацыі краіны і скарачэння прыбыткаў бюджэту. Пра гэта піша агенцтва Bloomberg.
Адмова ўраду яшчэ не азначае, што падатак не ўвядуць – гэта будуць вызначаць швэйцарцы на рэферэндуме, дату якога абвесцяць пазней. Але пазіцыя ўраду зніжае шанцы на ўвядзенне падатку.
Ідэя ўвесці падатак 50% на спадчыну больш за 50 млн франкаў ($56 млн) для збору сродкаў на барацьбу са змяненнем клімату вылучыла палітычная група «Маладыя сацыялісты». Яны сабралі 100000 подпісаў, неабходныя для правядзення нацыянальнага рэферэндуму.
У рамках швэйцарскай сістэмы прамой дэмакратыі ва ўраду была магчымасць адхіліць або падтрымаць гэтую прапанову. Урад не падтрымаў, указаўшы, што ўвядзенне падатку прынясе больш стратаў, чым прыбытку.
Спасылаючыся на разлікі падатковых органаў, урад заявіў, што новы падатак можа прынесці больш за 4 млрд франкаў. Але пры гэтым больш за тры чвэрці патэнцыйных фіскальных прыбыткаў будуць страчаныя, паколькі багатыя людзі пакінуць Швэйцарыю. Ад'езд багатых таксама паўплывае на іншыя падаткі на прыбыткі і маёмасць, што пагоршыць стан дзяржавы.
«Гэтая ініцыятыва можа прывесці да скарачэння прыбыткаў федэральнага ўраду, асабліва кантонаў і муніцыпалітэтаў. Гэта таксама створыць няправільныя стымулы для абароны клімату», – цытуе агенцтва заяву ўраду.