Вецер знёс і паламаў цяпліцу беларуса за $1500
11- 17.12.2024, 19:25
- 13,160
Відэафакт.
Незвычайным відэа са свайго пляца падзяліўся чытач выдання «Онлайнер», які жыве ў Менскай вобласці. Усяго за некалькі секунд лірычная карцінка змяняецца на «цяплічны хорар». І віной усяму - моцны вецер, які спачатку закруціў выпадковы пакет, а потым сабраўся з сіламі і валок за сабой цяпліцу.
Велізарную - памерам 12 на 4 метры - цяпліцу маладзён набыў у пачатку верасня. Разлічваў, што канструкцыя з металічнага каркаса і полікарбаната будзе служыць яму доўгія гады, пагатоў, што і каштавала цяпліца ажно 4713 рублёў.
Работы па яе ўсталяванні пачаліся ў кастрычніку, але з розных прычын гаспадар не паспеў іх хутка скончыць.
«На ўсталяванне цяпліцы ў мяне сышоў прыкладна месяц, ды і тое не здолеў зрабіць усё, што планаваў. І да ўчарашняга дня яна не была замацаваная як след. Груба кажучы, цяпліца была прыкручаная дротам за ніжнія часткі да дошак, якія на анкеры былі прыкручаныя да паляў. Ніжнія часткі трымаліся на сістэме «краб».
Як толькі ветравая нагрузка перавысіла крытычную, усе «крабы» разагнуліся і цяпліца паляцела (на відэа нават бачна, што не стае ніжніх частак). Разумею, што менавіта гэта мой промах. Хоць і да самой канструкцыі ў мяне не раз узнікалі пытанні», - апісвае перадумовы для надзвычайнага здарэння маладзён.
Цяпліца праляцела амаль 70 метраў і прызямлілася на пляцы суседа. На шчасце, людзей на тэрыторыі ў гэты час не было, таму нікому не дасталася. Не пацярпелі і расліны.
«Сёння пайду да суседа на пляц, буду прыбіраць тое, што ад яе засталося. Стан там гаротны. Самае цікавае, што камера, якая і захавала палёт, вісіць на другой цяпліцы коштам усяго $700. Яна меншая і паўкруглая (схіляюся да таго, што гэта аптымальны варыянт формы). І яна засталася стаяць на месцы», - дзеліцца дачнымі назіраннямі маладзён.