Politico: Пачалася сусветная вайна
11- 18.12.2024, 15:47
- 24,452
Кітай супраць краін NАТO.
Хоць расейскае ўварванне ва Украіну ў свеце многімі ўспрымаецца як рэгіянальны канфлікт, напраўду гэтая вайна ўжо мае прыкметы глабальнай. Больш за тое, яе зыход у канчатковым выніку будзе залежаць не ад Масквы і Кіева, а ад пастаноў іх ключавых хаўруснікаў - Кітая і краін NАТО. Пра гэта піша Politico.
Выданне акцэнтуе на тым, што сёння ў шэрагах УСУ і войску РФ ваююць далёка не толькі грамадзяне гэтых дзвюх краін, але і нямала замежнікаў. Гэтак жа зброя, якую яны выкарыстоўваюць, паступае на фронт са ўсяго свету.
«У небе над полем бою іранскі дрон «Шахед» можа быць перахоплены амерыканскай сістэмай супрацьпаветранай абароны, а на зямлі артылерыя нямецкай вытворчасці праносіцца міма паўночнакарэйскіх набояў», - ілюструе сітуацыю аўтар публікацыі.
Масква дэкларуе сваю агрэсію як абарону ад "калектыўнага Захаду" і прэвентыўную абарону ад NАТО. Гэтая рыторыка знайшла водгук не толькі ў найбольш агрэсіўных антызаходніх рэжымаў, як Іран ці КНДР, але і ў многіх краінах Глабальнага Поўдня, так ці інакш незадаволеных сваім становішчам у сучасным свеце.
У сваю чаргу Кіеў падае ўласную абарону не проста як самаабарону, а як барацьбу за дэмакратыю і свабодную Еўропу. І Еўропа схільная згаджацца з гэтым, сапраўды баючыся за ўласную бяспеку. А ЗША дагэтуль спрабавалі падтрымліваць свой статус абаронцы дэмакратый і свабоднага свету.
Урэшце утварыліся два глабальныя лагеры краін, якія падтрымліваюць або Расею, або Украіну - эканамічна, дыпламатычна або наўпрост зброяй. І гэтая дапамога была жыццёва важнай для абодвух бакоў.
Эканамічная падтрымка з боку Кітая і краін Глабальнага Поўдня дазволіла Крамлю ўтрымаць стабільнай сітуацыю ў краіне і стварыць для пераважнай большасці насельніцтва ілюзію нармальнасці жыцця, нягледзячы на ўдзел у найбуйнейшай вайне ў Еўропе з часоў Гітлера.
Для Кіева дапамога партнёраў была яшчэ важнейшай. Без падтрымкі Захаду Украіна не пражыла б і першага года вайны, усё скончылася б «сакрушальнай паразай» для ўкраінцаў, мяркуе дырэктар Еўразійскага цэнтра Carnegie Russia Аляксандр Габуеў.
Урэшце, на думку аналітыкаў, зыход вайны, хутчэй за ўсё, будзе залежаць ад пастаноў галоўных фундатараў баявых дзеянняў: NАТО і Кітая.
«Калі вы спыніце падтрымку NАТО ва Украіне, то Украіны не будзе. Але калі вы спыніце падтрымку Кітаем расейскіх вайсковых намаганняў, гэта прымусіць Маскву абмежаваць свой апетыт і аслабіць надзеі, што час на яе баку», - сказаў Габуеў.
Цяпер выглядае так, што больш за ўсё ад вайны здабыў Кітай, які здолеў умацаваць свой кантроль над аслабленай Расеяй. Аднак гэта можа змяніцца, калі ўдзел Паўночнай Карэі ў канфлікце прынясе праблемы ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, які Пекін разглядае як свой задні двор. Напрыклад, калі ў канфлікт уключыцца Паўднёвая Карэя, ці нават NАТО пачне дзейнічаць у гэтай частцы свету.
Ёсць і іншыя чыннікі, якія могуць паўплываць на зыход вайны ва Украіне. У ЗША - гэта непрадказальны Дональд Трамп. На Блізкім Усходзе можа выліцца больш актыўнае супрацьстаянне Ірана з Ізраілем. У самой Еўропе набіраюць папулярнасць ультраправыя партыі, некаторыя з якіх скептычна ставяцца да дапамогі Украіне.