Удар помсты: Ізраіль атакаваў пазіцыі хусітаў у Емене
- 19.12.2024, 9:05
- 4,738
Пасля запуску ракеты з іх боку.
Армія абароны Ізраіля нанесла ўдары па пазіцыях хусітаў у Емене. Прычынай стаў шэраг атак баевікоў дронамі, а таксама ракетны ўдар па краіне гэтай ноччу.
Пра гэта паведамляе The Times of Israel.
Паводле заявы ЦАХАЛу, аб'екты на заходнім узбярэжжы і ў глыбіні Емена, па якіх ударыла ізраільская авіяцыя, "выкарыстоўваліся сіламі хусітаў для сваіх вайсковых аперацый".
“Напады на гэтыя цэлі наносяць шкоду тэрарыстычным уладам, прадухіляючы выкарыстанне інфраструктуры ў ваенных і тэрарыстычных мэтах, для перакідвання іранскай зброі ў рэгіён”, - адзначылі вайскоўцы.
Ізраільскія вайскоўцы таксама заявілі, што "пад кіраўніцтвам і пры фінансаванні Ірана", хусіты на працягу апошняга года дзейнічалі разам з іншымі баевікамі, каб напасці на Ізраіль, "падарваць рэгіянальную стабільнасць і парушыць глабальнае суднаходства".
Грознае папярэджанне
Міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац выступіў з папярэджаннем лідарам хусітаў пасля начных ізраільскіх удараў па Емене.
“Доўгая рука Ізраіля дацягнецца да вас. Той, хто падыме руку, атрымае яе адсечаную. Хто стукне (нас), той будзе знішчаны шматкроць”, - сказаў ён.
Прадстаўнік ЦАХАЛу Даніэль Хагары пацвердзіў, што цэлямі "дакладных удараў" былі "парты і энэргетычная інфраструктура" у падкантрольнай паўстанцам сталіцы Сане, якія хусіты выкарыстоўвалі для "сваіх ваенных дзеянняў".
“З іх нападамі на міжнародныя судны і маршруты ў Чырвоным моры і іншых месцах, хусіты сталі глабальнай пагрозай. Хто стаіць за хусітамі? Іран”, - сказаў ён у англамоўным відэазвароце і паабяцаў, што вайскоўцы “будуць дзейнічаць супраць кожнага на Блізкім Усходзе”, хто будзе пагражаць Ізраілю.