Беларус хацеў завезці з Польшчы ровар, пакрыты золатам
9- 19.12.2024, 14:20
- 9,220
Яго кошт - амаль $18 тысяч.
У пункце пропуску «Варшаўскі мост» (Берасце) супрацоўнікі мытні звярнулі ўвагу на ровар, які мужчына, які рухаўся з Рэспублікі Польшча ў Рэспубліку Беларусь, спрабаваў увезці праз «зялёны калідор». Двухколавы транспарт знаходзіўся ў разабраным стане. Беларус растлумачыў, што купіў веласіпед раней у Менску, па аб'яве, за 250 даляраў, а ў Польшчы яго рамантаваў. Для ўстанаўлення кошту веласіпеда прызначаная таваразнаўчая экспэртыза.
Падчас даследавання экспэртам управы Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз па Берасцейскай вобласці вызначана гандлёвая марка і мадэль гэтага аб'екта.
Устаноўлена, што гэты веласіпед выпушчаны ў абмежаванай серыі 50 адзінак, абсталяваны гідраўлічнымі дыскавымі тармазамі і электроннымі перамыкачамі, дэталямі ад вядучых сусветных вытворцаў з выкарыстаннем трывалых і лёгкіх матэрыялаў: карбону, керамікі, каляровых металаў; покрыўкамі ад вытворцы шын для Формулы-1 , рама і некаторыя іншыя элементы пакрытыя сусальным золатам.
Паводле высновы экспэрта, кошт прадстаўленага для даследавання ровара з улікам камплектнасці і зносу складае больш за 62 тысячы беларускіх рублёў — амаль $18 тысяч.
Недэклараванне мужчынам «залатога» ровара можа пацягнуць накладанне штрафу сумай ад 10 да 30 адсоткаў яго кошту.