«На секунду ўзгадаў гэты ролік і зрабіў усё так, як там гаварылася»
15- 2.12.2024, 18:01
- 20,622
Жонка вартаўніка, які выжыў пасля сутычкі з ваўком, расказала падрабязнасці інцыдэнту.
Воўк напаў на вартаўніка фермерскай гаспадаркі ў Хойніцкім раёне 26 лістапада. Жывёліна пакусала Міхасю Тарасенку рукі, учапілася ў нагу, але вартаўнік змог адбіцца і схавацца ў бытоўцы.
Сам Міхась распавёў «Онлайнеру», што дзейнічаў інтуітыўна.
«Усё адбылося, можа, за якую хвіліну. Было яшчэ цёмна, блізу пяці ранку, калі я пачуў брэх сабак і надумаў выйсці на вуліцу паглядзець, што там адбываецца. Адчыніў дзверы — і ўсё, што паспеў заўважыць, гэта сабак, што разбягаюцца, і ваўка, які ляціць да мяне. Ён схапіў мяне за нагу, я паспрабаваў разадраць яму пашчу, усунуў туды кулак і ў выніку адбіўся. Забег у бытоўку, падпёр дзверы і набраў першы нумар у мабільным - гэта быў нумар жонкі Наталлі», - успомніў Міхась.
Жонка адразу зразумела, што здарылася бяда: раней муж не тэлефанаваў ёй так рана.
«Ён мне ніколі ў такі час не тэлефанаваў, а тут чую: «Мяне пакусаў воўк, выкліч «хуткую» і МНС» — і ўсё, на гэтым ягоны голас абарваўся. У мяне пачалася поўная істэрыка, шок. Усё, што я паспела ў яго спытаць, гэта, ці жывы ён. Ужо потым Міхась мне распавёў, што не мог са мной размаўляць, бо звер кідаўся на дзверы вартоўні, а ён іх трымаў, сцякаючы крывёю», - распавяла Наталля.
Яна патэлефанавала суседу, а той набраў у міліцыю, «хуткую» і агульнага знаёмага Леаніда. Сябар, праўда, адразу выехаць на месца здарэння не змог: выйшаўшы на вуліцу, ён убачыў каля аўтамабіля яшчэ трох ваўкоў.
Пазней Леанід усё ж змог дабрацца да фермы. Ён патэлефанаваў Наталлі і паведаміў, што яе муж жывы, але сплывае крывёй. А ваўка застрэлілі міліцыянты - атрымалася далёка не з першага патрона.
«Міхася я ўбачыла ўжо ў шпіталі. Ён казаў, што міліцыя прыехала першай, і воўк пачаў кідацца на кіроўцу аўто». Толькі з восьмага патрона забілі таго ваўка, і толькі потым да Міхася змаглі падступіцца медыкі», - адзначыла Наталля.
А яшчэ яна прыгадала цікавы момант: выратаваць жыццё яе мужу мог ролік у TikTok.
«Незадоўга да гэтага Міша мне расказваў, што бачыў у TikTok ролік аб тым, што рабіць пры нападзе драпежніка, і, калі ўсё здарылася, ён прызнаўся, што на секунду ўспомніў гэты ролік і зрабіў усё так, як там гаварылася», - расказала Наталля.
Аналізы паказалі, што воўк быў хворы на шаленства. Цяпер Міхась праходзіць тэрапію: яму зрабілі ўколы вакол раны, у вену і пад лапатку. Прагнозаў па выпісцы лекары пакуль не даюць.