Баксёры Ф'юры і Вусік падзеляць $190 млн прызавых за бой-рэванш
5- 2.12.2024, 20:16
- 4,326
Бой пройдзе 21 снежня ў саудаўскім Эр-Рыядзе.
Сталі вядомыя ганарары, якія атрымаюць брытанец Тайсан Ф'юры і ўкраінец Аляксандр Вусік за бой-рэванш.
Ён пройдзе 21 снежня ў саудаўскім Эр-Рыядзе. Баксёры будуць змагацца за званне абсалютнага чэмпіёна свету ў суперцяжкай вазе.
Так, паводле інфармацыі talkSPORT, Ф’юры і Вусік падзеляць паміж сабой $190 млн. Прычым грошы баксёры атрымаюць не пароўну.
Украінцу як дзейнаму ўладальніку чэмпіёнскага пояса дастануцца $114 млн. Тайсан Ф'юры атрымае астатнія $76 млн.
Такая самая сітуацыя была і ў першым баі, які адбыўся 18 траўня ў тым жа Эр-Рыядзе. Спартоўцы падзялілі $150 млн. Ф'юры саступіў, але яму дасталася $110 млн прызавых, а Вусіку – толькі $40 млн.
Такім чынам, незалежна ад выніку рэваншу, Ф'юры ў выніку ўсяго за два баі атрымае $186 млн. Вусік гарантавана стане багацейшым на $154 млн.