«Колькі ж было радасці ў дзяцей і ўнукаў, калі мне выпісалі штраф»
64- 20.12.2024, 20:41
- 31,856
Менскі пенсіянер пайшоў па даведку ў школу, але апынуўся ў судзе.
Адбылася са мной непрыемная гісторыя, піша чытач сайта Charter97.org Валерый. На роўным месцы, ні села, ні пала, я атрымаў адміністратыўную справу. Балазе, адплаціўся грашыма (усяго дзве пенсіі), але, дзякаваць Богу, на волі. Во часы пайшлі, што галодны, але свабодны, і тое радасць!
- Далі мне дзеці даручэнне схадзіць у школу па даведку. Яны ж працуюць, а я на заслужаным адпачынку, маю багата часу вольнага. Сабраўся, прыстроіўся дый вырушыў у адну з менскіх школ па тую даведку.
Але на ўваходзе ў школу мяне чакала варта. Міліцыянт, хлопец гадоў 20-ці, папрасіў пасведчанне асобы. Дастаў я свой пашпарт ды падаў. Дзяцюк-вартаўнік аж падскочыў. “Не,- кажа,- не пушчу Вас у школу, вы затрыманыя!” Выклікаў на мяне патруль міліцыі. Прыехалі хутка, хвіліны за 3, ды павезлі мяне ў РАУС.
У міліцыі ветлівыя супрацоўнікі мне патлумачылі прычыну затрымання: я нібыта праводзіў масавы пікет у школе без узгаднення з раённай адміністрацыяй.
- Які пікет? Я па даведку ішоў.
- Вы падалі на вахце пашпарт у вокладцы, на якім на адваротным баку быў экстрэмісцкі надпіс: Жыве Беларусь.
- Ды я і не здагадваўся, што ў мяне на адваротным баку вокладкі штосьці можа быць напісана.
- Вы затрыманыя да суда.
Пратрымалі мяне ўвесь дзень да вечара. Складалі пратакол, зладзілі допыт, узялі адбіткі пальцаў. Балазе суды цяпер працуюць позна. То а 19-й пачалі разглядаць маю справу, некалькі разоў перапытвалі, ці раскайваюся я за зладжаны пікет.
Сказаў, раскайваюся, што такі разявака. Што пікет масавы, прызнаю часткова, бо масу пад 100 кілаграмаў усё ж маю. Папрасіў улічыць, што таксама маю крыху больш за 70 гадоў і пасведчанне інваліда. Што меў намер толькі дапамагчы сыну ўзяць даведку ў школе, і нічога больш крамольнага.
Колькі ж было радасці ў дзяцей і ўнукаў, калі выпісалі штраф. Дужа вялікі — ажно 1200 рублёў. Бо сам сабе ў думках ужо разважаў, ці змагу я без лекаў пратрымацца 15 дзён у катавальні.
Штраф для мяне надмерны, але я радуюся, як дзіцё, што застаўся на волі. Як той казаў, ад астрогу няма перасцярогу.