Урад Эстоніі адобрыў падвышэнне мінімальнага заробку да 886 еўраў
6- 20.12.2024, 18:45
- 1,762
Акрамя таго, павялічацца сумы дапамог, прывязаных да мінімальнага заробку.
На пасяджэнні ў чацвер, 19 снежня, урад Эстоніі зацвердзіў штомесячны мінімальны заробак у 2025 годзе ў суме 886 еўраў і мінімальную пагадзінную аплату ў суме 5,31 еўра. Такім чынам мінімальны заробак з 1 студзеня павялічыцца на 8%, ці на 66 еўраў, паведамляе err.ee.
Падвышэнне мінімальнага заробку было ўзгодненае Цэнтральным саюзам прафсаюзаў Эстоніі і Цэнтральным саюзам работадаўцаў у калектыўнай дамове, падпісанай 18 лістапада.
Паводле звестак Падаткова-мытнага дэпартамента, агулам у Эстоніі цягам дзявяці месяцаў сёлета мінімальны заробак (820 еўраў у 2024 годзе - заўв. рэд.) атрымлівалі 16600 чалавек, якія працуюць поўны працоўны дзень, што складае 3,5% ад агульнай колькасці працоўных з поўнай занятасцю. Акрамя таго, агулам 18800 работнікаў з поўнай занятасцю зараблялі ад 821 да 902 еўраў на месяц, што складае 3,9% усіх работнікаў з поўнай занятасцю.
На ацэнкі Міністэрства фінансаў, падвышэнне мінімальнага заробку на 66 еўраў прынясе амаль 17 мільёнаў еўраў дадатковых падатковых паступленняў у дзяржаўны бюджэт у 2025 годзе.
Мінімальны заробак - гэта самы нізкі заробак, які працадаўца можа плаціць асобе, якая працуе поўны працоўны дзень у Эстоніі.
Павышэнне мінімальнага заробку прывядзе да росту звязаных з ім заробкаў у прыватным і дзяржаўным сектарах. Акрамя таго, павялічацца сумы дапамог, прывязаных да мінімальнага заробку, напрыклад, бацькоўскай дапамогі. Падвышэнне мінімальнага заробку можа таксама прывесці да павелічэння дапамог і льгот, што выплачваюцца мясцовымі самакіраваннямі, але пры гэтым можа паўплываць на цэны паслуг, напрыклад, на аплату дзіцячых садкоў, калі мясцовыя самакіраванні прывязалі іх да мінімальнага заробку.