У Рыльску HIMARS распляжыў штаб 155-й брыгады марской пяхоты РФ
7- 22.12.2024, 14:29
- 14,656
З’явілася відэа першых хвілін пасля ўдару.
20 снежня Сілам абароны Украіны ўдалося паспяхова пацэліць у штаб 155-й брыгады марской пяхоты УС Расеі. Яго расейскія вайскоўцы абсталявалі ў будынку мясцовага педагагічнага каледжа.
Пра гэта паведаміў вядомы ўкраінскі журналіст, ваенкар Юры Бутусаў у Telegram.
Ён апублікаваў відэа, знятае ля каледжа адразу пасля ўдару. Размовы за кадрам не пакідаюць сумненняў: атакаваны менавіта вайсковы аб'ект.
Месца ў момант было ачэпленае вялікай колькасцю расейскіх салдат, блізка нікога не падпускалі.
Бутусаў сцвярджае, што ўдар прыпаў менавіта па штабе 155-й брыгады марской пяхоты УС Расеі. Яна бярэ самы актыўны ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і паспела вызначыцца вялікай колькасцю ваенных злачынстваў, у тым ліку пакараннямі палонных.
Вось што аб гэтым падраздзяленні піша расейскі вайсковы эксперт Ян Мацвееў: «За час вайны 155-я брыгада стала літаральна сінонімам слова разгром. Знішчаная пад Вуглядарам, зараз яна нясе вялізныя страты ў Курскай вобласці».
Вядома, што ўдар быў нанесены набоямі GMLRS з устаноўкі HIMARS.
«Як звычайна, «другое войска свету» бязлітасна прыкрываецца мясцовымі жыхарамі...Украінская атака была дакладнай, і быў атакаваны важны аб'ект, дзе знаходзіліся выключна расейскія вайскоўцы», - адзначыў Бутусаў.