Reuters: НПЗ Індыі шукаюць на Блізкім Усходзе замену расейскай нафце
- 24.12.2024, 19:12
- 3,550
Спотавыя пастаўкі з РФ упалі.
Індыйскія дзяржаўныя нафтаперапрацоўчыя заводы разглядаюць магчымасць набыцця сырой нафты на Блізкім Усходзе праз падзенне спотавых паставак з Расеі, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы.
Тром буйным прадпрыемствам – Indian Oil Corp, Bharat Petroleum Corp і Hindustan Petroleum – не стае 8–10 млн бар. расейскай нафты для загрузкі магутнасцяў у студзені, паведамілі суразмоўцы. Напярэдадні Bloomberg пісаў, што яны не змаглі набыць як мінімум 6 млн бар. нафты маркі Urals
Спотавы экспарт з Расеі ўпаў у лістападзе, калі расейскія НПЗ павялічылі перапрацоўку пасля заканчэння планавых рамонтаў, піша Reuters са спасылкай на трэйдараў. «Мы павінны вывучыць [магчымасць набыць] альтэрнатыўныя гатункі, паколькі ўласны попыт у Расеі расце, і ёй неабходна выконваць свае абавязальніцтвы ў рамках АПЕК», – сказала адна з крыніцаў.
Індыйскія НПЗ асцерагаюцца, што праблемы з пастаўкамі захаваюцца ў найбліжэйшыя месяцы. Прадпрыемствы могуць скарыстацца сваімі запасамі, каб задаволіць патрэбы ў перапрацоўцы сырой нафты ў сакавіку, а таксама набыць больш сыравіны ў блізкаўсходніх пастаўшчыкоў паводле тэрміновых кантрактаў або абвясціць тэндар на высокасярністую нафту.
Індыя стала найбуйнейшай імпарцёркай расейскай сырой нафты, пасля таго як ЕЗ увёў санкцыі супраць Масквы ў адказ на пачатак вайны РФ ва Украіне; на яе прыпадае больш за трэць імпарту энэрганосьбітаў у Індыю. У лістападзе, пісаў Reuters, аб'ём паставак з Расеі ў гэтую краіну склаў 1520000 бар. за дзень, што на 13% ніжэй, чым у кастрычніку. Пры гэтым краіны Блізкага Усходу пастаўлялі ў Індыю 2280000 бар. за дзень, што на 10,8% больш, чым у кастрычніку.