Дзе адзначыць навагоднюю ноч у Менску
1- 24.12.2024, 19:23
- 1,774
Месцы святкавання назвалі ў Менгарвыканкаме.
У навагоднюю ноч у Менску будуць працаваць 20 адкрытых святочных пляцовак у розных раёнах горада. Пра гэта расказала кіраўніца аддзела ўстановаў культуры ўправы культуры Менгарвыканкама Святлана Сіліч падчас прэс-канферэнцыі 24 снежня.
У Заводскім раёне святкаванні пройдуць на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны», басейна «Волат» і Палаца дзяцей і моладзі «Золак».
У Ленінскім раёне гулянні арганізуюць ля Менскага гарадскога палаца культуры і кінатэатра «Салют».
У Маскоўскім раёне пляцоўкамі святкаванняў стануць парк імя М. Паўлава, мікрараён Брылевічы, сквер «Палянка» (вул. К. Лібкнехта).
У Кастрычніцкім раёне – плошча культурна-спартовага цэнтра «Менскае аддзяленне БЧ» (вул. Чкалава, 7), мікрараён «Сокал», пляцоўка каля крамы «Еўраопт» (вул. Асаналіева, 44).
У Партызанскім раёне жыхароў запрашаюць адзначаць Новы год у Парк экстрэмальных відаў спорту (вул. Сталетава, 1).
У Першамайскім раёне пляцоўкі будуць каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, на пляцоўцы па вул. Русіянава, 1, каля клуба «Ракетчык» (вул. Фогеля, каля Ваеннай акадэміі), на пляцоўцы каля Дома афіцэраў (вул. Герояў 120-й дывізіі, 15).
У Савецкім раёне – на Камароўскім рынку,
У Фрунзенскім раёне – ля Лядовага палаца спорту, парк імя Уга Чавеса.
У Цэнтральным раёне – каля Менскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41).
Таксама будуць працаваць гарадскія навагоднія пляцоўкі Верхняга горада і ля Палаца спорту. Каля Палаца спорту мерапрыемствы пачнуцца ў 00.30 і прадоўжацца да 4-й гадзіны раніцы. Увечары 1 студзеня гулянні прадоўжацца.