Албанская апазіцыя блакавала рух у Тыране
- 24.12.2024, 20:39
- 2,334
Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі ўраду.
Сябры галоўнай апазіцыйнай партыі Албаніі ў панядзелак заблакавалі галоўныя скрыжаванні сталіцы Тыраны, заклікаючы да стварэння тэхнакратычнага часовага кабінета напярэдадні парламенцкіх выбараў у наступным годзе.
Пра гэта паведаміла агенцтва АР.
Падчас першага мітынгу пасля вызвалення свайго лідара з-пад хатняга арышту актывісты, звязаныя з правацэнтрысцкай Дэмакратычнай партыяй, нягледзячы на холад і дождж, заблакавалі рух на пяці галоўных скрыжаваннях Тыраны.
Пратэстоўцы абвінавачваюць левы ўрад прэм'ер-міністра Эдзі Рамы ў карупцыі, маніпуляванні выбарамі і ўзурпацыі судовай улады.
Сотні паліцыянтаў былі разгорнутыя для абароны ўрадавых будынкаў і забеспячэння вольнага руху на вуліцах Тыраны. Праз 90 хвілінаў улады пачалі адціскаць пратэстоўцаў ад скрыжаванняў, што павысіла напружанне і прывяло да некаторых сутыкненняў.
Лідар Дэмакратычнай партыі, 80-гадовы Салі Берыша, быў вызвалены ў мінулым месяцы з-пад хатняга арышту, накладзенага пасля таго, як ён парушыў пастанову суда. Берышу абвінавачваюць у карупцыі.
Раней сёлета Дэмакратычная партыя і яе прыхільнікі з апазіцыйнай кааліцыі правялі акцыі пратэсту супраць арыштаў Берышы і былога прэзідэнта Іліра Меты паводле асобных справаў аб карупцыі, заявіўшы, што абвінавачанні з'яўляюцца палітычна матываванымі.
Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Звяз заклікалі апазіцыю аднавіць дыялог з урадам, заявіўшы, што гвалт не дапаможа краіне інтэгравацца ў ЕЗ.
Парламенцкія выбары ў Албаніі адбудуцца 11 траўня, калі выбарнікі, якія жывуць за мяжой, упершыню змогуць прагаласаваць з-за мяжы.