Зяленскі: ЗША павялічваюць пастаўкі ваеннай дапамогі Украіне
8- 26.12.2024, 21:24
- 4,330
Яны дапамогуць выраўнаваць сітуацыю на фронце.
У відэазвароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Злучаныя Штаты павялічваюць пастаўкі вайсковай дапамогі Украіне.
Відэа было апублікаванае ў тэлеграм-канале прэзідэнта Украіны.
«Першае – вайскоўцы. Сёння быў даклад Галоўнага камандзіра Сырскага, міністра абароны Умерава. Фронт. Забеспячэнне. Вельмі важна тое, што цяпер Злучаныя Штаты павялічваюць пастаўкі. Гэта трэба, каб выраўнаваць сітуацыю. Я ўдзячны нашым партнёрам. І тэмп паставак павінен стаць такім, каб збіць тэмп расейскіх штурмаў. Нам патрэбная вялікая сіла зброі. І моцныя пазіцыі для дыпламатыі.
І кожнае падраздзяленне, кожная брыгада, якая гэта забяспечвае, набліжае для нас магчымасць нармальнага міру. Я дзякую за стойкасць і смеласць у баях гэтымі тыднямі нашай 95-й, 80-й, 82-й асобным дэсантна-штурмавым брыгадам. Таксама 68-я асобная егерская брыгада – малайцы, хлопцы! 225-ы і 425-ы асобныя штурмавыя батальёны, дзякую! Таксама хачу адзначыць цяпер усіх нашых воінаў, якія наносяць дальнабойныя ўдары па тэрыторыі Расеі.
І ў нас ёсць правільныя, патрэбныя вынікі ў знішчэнні менавіта ваеннай інфраструктуры ворага, і толькі такой: Украіна абараняецца ад агрэсіі, і нашы ўдары накіраваныя выключна на ваенныя цэлі. Узброеныя сілы Украіны, Служба бяспекі Украіны, ГУР, знешняя выведка – я дзякую вам за трапнасць, усім нашым задзейнічаным структурам», – падкрэсліў Зяленскі.