Казахстанская авіякампанія спыніла палёты ў Расею
1- 27.12.2024, 12:04
- 5,416
Пасля катастрофы пасажырскага самалёта "Азербайджанскіх авіяліній".
Казахстанская авіякампанія Qazaq Air на месяц прыпыніла палёты з Астаны ў Екацярынбург, паведамляецца ў тэлеграм-канале перавозчыка.
“Авіякампанія Qazaq Air вымушана часова прыпыніць выкананне авіярэйсаў па маршруце Астана - Екацярынбург у перыяд з 28 снежня бягучага года да 27 студзеня 2025 года. Прыпыненне рэйсаў праводзіцца для гарантавання бяспекі пасажыраў і чальцоў экіпажа па выніках ацэнкі рызык палётаў у Расею, якая пастаянна праводзіцца”, — сказана ў паведамленні.
Qazaq Air у поўным аб'ёме верне сродкі за набытыя білеты, адзначылі ў кампаніі. Яна таксама прапануе бясплатна перарэзерваваць палёты па іншых кірунках.
Згодна з раскладам, на гэтым кірунку выконвалася па тры рэйсы на тыдзень туды-назад.
Перавозчык працягне выконваць рэйсы ў Омск і Новасібірск.
Раней ізраільская авіякампанія El Al на тыдзень прыпыніла палёты з Тэль-Авіва ў Маскву "ў сувязі з падзеямі ў расейскай паветранай прасторы". На наступным тыдні экспэрты ацэняць сітуацыю і вызначаць, ці аднаўляць палёты на гэтым маршруце.
Гэтая пастанова звязваецца з катастрофай пасажырскага самалёта "Азербайджанскіх авіяліній" 25 снежня ў раёне Актаў (Казахстан), у выніку якога загінулі 38 з 69 пасажыраў на борце.
Раней Euronews і Reuters са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Азербайджана паведамлялі, што самалёт, які пацярпеў катастрофу ў казахстанскім Актаў, быў збіты расейскай ракетай. Са звестак СМІ, прычынай катсстрофы самалёта стала расейская ракета класа "зямля - паветра".