Ва Украіне беларуская мова застанецца ў ліку тых, якія маюць патрэбу ў ахове
19- 27.12.2024, 15:00
- 4,358
Расейскую мову са спісу выключаць.
Украіна захавае беларускую мову ў пераліку моў, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і ахове. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прадстаўніка Кабінета Міністраў Украіны ў Вярхоўнай Радзе Тараса Мельнічука.
У сваім Telegram-канале палітык паведаміў, што праект Закона "Аб унясенні змен у некаторыя законы Украіны ў сувязі з абнаўленнем афіцыйнага перакладу Еўрапейскай хартыі рэгіянальных або мінарытарных моў" абнаўляе пералік моў, у дачыненні да якіх ужываецца рэжым падтрымкі і асобнай аховы. Але беларуская мова ў ёй застаецца.
"Прапануецца ўстанавіць, што ва Украіне прынцыпы Хартыі будуць ужывацца да такіх моў: беларуская, а таксама балгарская, гагаузская, крымска-татарская, навагрэцкая, нямецкая, польская, румынская, славацкая, вугорская, чэшская ды іўрыт", – напісаў Тарас Мельнічук.
У дзейным законе аб ратыфікацыі Хартыі ёсць таксама расейская мова, але цяпер яе, здаецца, не будзе. Раней паведамлялася, што з тэксту закону мае знікнуць і беларуская мова.