«РФ хацела схаваць канцы ў ваду»
8- 27.12.2024, 16:55
- 5,706
Украіна заклікае да справядлівага расследавання авіякатастрофы ў Казахстане.
Украіна заклікае да справядлівага расследавання прычын авіякатастрофы самалёта Азербайджанскіх авіяліній, у выніку чаго загінулі 38 чалавек. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў пятніцу, 27 снежня.
«Катастрофа самалёта Азербайджанскіх авіяліній жахлівая. Выказваем спачуванні Азербайджану», - сказана ў заяве.
Сібіга звярнуў увагу на тое, што адразу пасля падзення самалёта расейскія СМІ пачалі хлусіць аб прычынах катастрофы, а таксама на тое, што Расея прымусіла пашкоджаны самалёт ляцець праз мора. У МЗС Украіны мяркуюць, што гэта было спробай «схаваць канцы ў ваду, знішчыць довады свайго злачынства».
Цяпер апублікаваныя фота і відэа сведчаць аб тым, што самалёт упаў у выніку пашкоджання ад расейскай зенітнай сістэмы.
«Заклікаем да справядлівага і бесстаронняга расследавання, каб забяспечыць прыцягненне вінаватых да адказнасці. Мы павінны не даць Расеі хлусіць, пазбягаць адказнасці ці перакладаць віну», - заявіў кіраўнік МЗС.