Шольц: Пуцін пацярпеў паразу ва Украіне паводле ўсіх пунктаў
20- 27.12.2024, 21:25
- 14,112
Ягоныя спробы аслабіць NATO закончыліся крахам.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін пацярпеў паразу ва Украіне і не дасягнуў сваіх мэтаў. Ягоныя спробы аслабіць NATO закончыліся крахам.
Пра гэта заявіў нямецкі канцлер Олаф Шольц, паведамляе t-online.
Шольц адзначыў, што расейскі дыктатар пацярпеў паразу ва Украіне паводле ўсіх пунктаў.
«Ён хацеў падпарадкаваць усю Украіну і ўсталяваць марыянетачны рэжым, ён хацеў прадухіліць далейшае збліжэнне з ЕЗ і саслабіць увесь NATO», – сказаў канцлер.
Затое, паводле словаў Шольца, атрымалася не так, як планаваў Пуцін.
«І сёння: NATO мае двух новых чальцоў – Швэцыю і Фінляндыю. Усе яны масава інвестуюць у сваю абароназдольнасць, і амаль усе краіны NATO дасягнулі мэтавага паказніка два адсоткі. Украіна з'яўляецца кансалідаванай нацыяй і знаходзіцца на шляху да ўступлення ў Еўрапейскі Звяз. Яна мае моцнае войска, аснашчанае намі, якое гераічна абараняецца ад войскаў Пуціна», – падкрэсліў ён.
У той самы час Шольц адзначыў, што цяпер задача ў тым, каб стварыць аснову для справядлівага і ўстойлівага міру ва Украіне.
Канцлер таксама дадаў, што гатовы яшчэ раз патэлефанаваць Пуціну і расказаў, што падчас папярэдняй размовы абяцаў дыктатару, што Еўропа не перастане падтрымліваць Украіну.
«Так, пагаварыў бы... Я даў яму зразумець, што ён не можа спадзявацца, што наша падтрымка Украіны зменшыцца», – сказаў ён.