Пуцін папрасіў прабачэння ў Аліева за крушэнне лайнера Azerbaijan Airlines
42- 28.12.2024, 15:56
- 29,514
Размова адбылася з ініцыятывы расейскага боку.
Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэння ў прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева праз крушэнне самалёта Azerbaijan Airlines у тэлефоннай размове, якая адбылася з ініцыятывы расейскага боку, паведамляе Крэмль.
Бакі падрабязна абмеркавалі пытанні, якія датычацца крушэння пасажырскага самалёта авіякампаніі «Азербайджанскія авіялініі» 25 снежня.
«Уладзімір Пуцін прынёс свае прабачэнні ў сувязі з тым, што трагічны інцыдэнт адбыўся ў паветранай прасторы Расеі, і яшчэ раз выказаў глыбокія і шчырыя спачуванні сем'ям загінулых, пажадаў найхутчэйшага выздараўлення пацярпелым. У размове было адзначана, што азербайджанскае пасажырскае паветранае судна, якое рухалася дакладна паводле раскладу, неаднаразова спрабавала зайсці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны. У гэты час Грозны, Маздок і Уладзікаўказ атакавалі ўкраінскія баявыя беспілотныя лётныя апараты, і расейскія сродкі СПА адбівалі гэтыя напады», – гаворыцца ў паведамленні.