Кітай пакінуў Расею за бортам новага "Шаўковага шляху"
6- 28.12.2024, 19:23
- 10,124
Дапамаглі дзве краіны СНД.
Расеі, якая знаходзіцца пад маштабнымі заходнімі санкцыямі, няма месца ў кітайскім геаэканамічным і геапалітычным праекце, вядомым як новы «Шаўковы шлях», піша dialog.ua.
Разумеючы, што ў цяперашніх умовах Расея - закрыты транзітны калідор у Еўропу, Пекін яшчэ летась дасягнуў дамоўленасці з Кыргызстанам і Узбекістанам аб будаўніцтве чыгункі ў Еўропу ў абыход расейскай тэрыторыі. У чэрвені гэтага года дамоўленасці атрымалі сваё пацвярджэнне на паперы.
Чыгунка працягласцю 450-500 км праляжа ад кітайскага горада Кашгар праз Торугарт, Макмал і Джалал-Абад у Кыргызстане да Андыжана ва Узбекістане. Адтуль тавары будуць пастаўляцца ў Турцыю і далей у Еўразвяз.
Старт будаўніцтва новай магістралі
Напярэдадні прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў даў старт будаўніцтва чыгункі, заклаўшы першы камень, паведамляе выданне Tazabek.
У сваёй прамове лідар рэспублікі назваў гэты маршрут мостам паміж Усходам і Захадам. Штогадовы аб'ём перавозак па ім складзе да 15 млн. тон і павялічыць канкурэнтаздольнасць рэгіёну як транспартнага транзітнага хаба.
Ва ўрадзе Узбекістана, у сваю чаргу, падкрэслілі, што да рэалізацыі гэтага праекта краіны ішлі на працягу 30 гадоў. У рамках праекта будуць пабудаваны 20 станцый, 42 масты і 25 тунэляў. Агульны кошт праекта складае 4,7 млрд даляраў.
Згодна з прагнозамі, новая магістраль дазволіць скараціць прыкладна на тыдзень тэрміны пастаўкі тавараў з Кітая на еўрапейскі рынак. Пры гэтым чыгунка не толькі скароціць час транспартавання, але і знізіць колькасць перагрузак, што станоўча адаб'ецца на пастаўках скорапсавальных тавараў.
Кітай шукае бяспечныя маршруты ў абыход Расеі
Раней Кітай пастаўляў свае тавары ў Еўропу па чыгунцы праз Казахстан, Расею і Беларусь, аднак пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну некаторыя кампаніі перасталі выкарыстоўваць расейскую тэрыторыю для транзіту. У сувязі з тым, што маршрут праз Расею больш не з'яўляецца бяспечным, Кітаю было важна знайсці альтэрнатыўнае выйсце на еўрапейскі рынак.
Агенцтва "Сіньхуа" зазначае, што новы праект узмоцніць ролю Цэнтральнай Азіі ў глабальных ланцужках паставак тавараў і будзе выконваць ключавую ролю ў развіцці транспартнай узаемазвязанасці паміж Кітаем і краінамі рэгіёну.
Чыгунка, якая будуецца, стане часткай кітайскай інфраструктурнай ініцыятывы "Адзін пояс - адзін шлях", якая прадугледжвае функцыянаванне эканамічнага пояса "Шаўковага шляху".