Пуцін баіцца мяцяжу?
7- 29.12.2024, 8:46
- 15,336
Кіраўнік Крамля пад канец года падпісаў больш за 50 законаў.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін пад канец года падпісаў больш за 50 законаў. У тым ліку аб узмацненні жорсткасці пакарання за мяцеж, а яшчэ ў новай стратэгіі пастанавіў змагацца з «экстрэмізмам ва Украіне».
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскія СМІ.
Паведамляецца, што адзін з законаў дазваляе выключаць са спісу тэрарыстычных усякую арганізацыю, чыя дзейнасць забароненая ў Расеі. Для гэтага трэба, каб суд задаволіў пазоў генеральнага пракурора або яго намесніка. Гэты закон, магчыма, дазволіць выключыць са спісу афганскі «Талібан», з якім пасля 2021 года зблізілася Масква.
Іншы закон узмацняе жорсткасць пакарання за ўзброены мяцеж. Ніжняя мяжа турэмнага тэрміну вырасла з 15 да 20 гадоў, верхняя - пажыццёвае зняволенне. Акрамя таго, прысуджаныя да пажыццёвага за тэрарызм і мяцеж не змогуць выйсці датэрмінова. А для замежных грамадзян уводзіцца пакаранне да 15 гадоў за «дапамога апаненту».
Таксама для так званых «добраахвотнікаў» уводзіцца адказнасць за ігнараванне баявых загадаў, супраціўленне камандзіру, дэзерцірства і добраахвотную здачу ў палон. Цяпер найміты ў сваіх правінах прыраўнаваныя да вайскоўцаў.
Што пра гэта гавораць ва Украіне
Цэнтр супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны мяркуе, што гэтыя законы фактычна з'яўляюцца спробай Пуціна засцерагчы сябе ад новых пагроз па тыпу паходу верхавода ПВК «Вагнера» Яўгена Прыгожына на Маскву ў чэрвені 2023 года.
«Прыняцце і падпісанне гэтых законаў пацвярджае, што Крэмль усё больш баіцца ўнутраных пагроз і спрабуе заканадаўча засцерагчыся ад іх. Зрэшты, гэты ціск рана ці позна прывядзе да дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі і, нарэшце, падзення пуцінскага рэжыму», - адзначылі ў ЦПДз.
Што вядома аб барацьбе з «экстрэмізмам ва Украіне»
Сёння Пуцін таксама абнавіў стратэгію супрацьдзеяння экстрэмізму ў Расеі. У ёй упершыню ўводзіцца паняцце русафобіі - «непрыязнае, прадузятае, варожае стаўленне да грамадзян Расеі, да расейскай мовы і культуры».
Таксама пад вызначэнне трапляюць дыскрымінацыйныя дзеянні з боку ўладаў дзяржаў, «недружалюбных Расеі». Сярод нібы крыніц экстрэмізму згадваецца Украіна.
Дакумент падкрэслівае, што расейска-ўкраінская вайна “служыць інструментам для распальвання русафобскіх настрояў”. Таму ліквідацыя «экстрэмізму ва Украіне» названая ключавой задачай.