Эксперт растлумачыў прычыны «самалётападу» ў свеце
9- 29.12.2024, 18:51
- 20,682
За апошнія суткі адбылося прынамсі тры інцыдэнты з самалётамі.
За апошнія суткі ў свеце адбылося сама меней тры авіяінцыдэнты. Найбуйнейшай катастрофай стала падзенне авіялайнера ў Паўднёвай Карэі, у выніку якога загінулі 179 чалавек. Акрамя таго, у Канадзе загарэўся самалёт пасля жорсткай пасадкі, на шчасце без ахвяраў. Таксама адзін самалёт здзейсніў аварыйную пасадку ў Нарвегіі праз збой гідраўлікі.
Дарадца дырэктара Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Весялоўскі ў эфіры Radio NV расказаў, што можа быць прычынай такой колькасці авіякатастрофаў у свеце.
«Гэтая з'ява ў пэўнай ступені заканамерная, называецца яна Каляды. Усе спяшаюцца, усё хочуць ляцець, авіякампаніі дастаюць з ангараў усё, што ў іх ёсць, падобнае на самалёты. Усе графікі звужаюцца да хвілінаў, да секундаў», – патлумачыў ён.
Такі паспех, паводле ягоных словаў, цалкам лагічна прыводзіць да павелічэння рызык.
«У гэтым цэйтноце павялічваецца колькасць варыянтаў, што будуць нейкія няшчасныя выпадкі, аварыі, смерці, катастрофы і гэтак далей», – адзначыў эксперт, папракнуўшы Міжнародную арганізацыю цывільнай авіяцыі, што яна не аддае гэтаму дастатковай увагі.