Нідэрланды хочуць вярнуць абавязковы воінскі набор
4- 3.12.2024, 17:34
- 2,628
Праз 27 год.
Міністэрства абароны Нідэрландаў разглядае магчымасць абавязковага воінскага набору праз 27 гадоў, паведамляе тэлеканал RTL Nieuws са спасылкай на дакументы абароннага ведамства краіны.
Паводле звестак Мінабароны Нідэрландаў, набор усіх 17-гадовых грамадзян для праходжання воінскай службы запатрабуе штогадовага навучання і размяшчэння да 200 тысяч навабранцаў, што на гэты момант нерэальна. На гэты момант абароннае ведамства здольнае навучыць і падрыхтаваць не больш за тысячу чалавек на год, да 2029 года плануецца павялічыць гэту лічбу да 9 тысяч чалавек.
Цяпер Нідэрланды маюць прафесійнае войска, якое налічвае больш за 42 тысячы жаўнераў, але калі ўзнікне буйны ваенны канфлікт, краіне спатрэбіцца значна больш войск. Згодна з законам, у войска могуць прызываць мужчын ва ўзросце ад 17 да 45 гадоў і жанчын ад 17 да 23 гадоў. Воінскі абавязак у Нідэрландах ніколі не быў цалкам скасаваны. У 1997 годзе краіна прыпыніла абавязковы набор.
Як адзначае тэлеканал, цяперашнія патрабаванні да прафесійных вайскоўцаў, такія як медыцынскія паказчыкі, занадта высокія для патэнцыйных прызыўнікоў. У Мінабароны ўдакладняюць, што ведамству давядзецца наняць больш псіхолагаў для ацэнкі і адбору будучых вайскоўцаў, а таксама неабходна распрацаваць план дзеянняў у дачыненні да ўхілістаў.