«Гэты падарунак вывеў мяне з раўнавагі»
66- 30.12.2024, 17:38
- 34,900
Улады кормяць беларускіх дзяцей «пластылінам».
Чытачка сайта Charter97.org распавяла пра навагодні падарунак для дзяцей ад праўладнага прафсаюза:
Я – маці траіх дзяцей, працую ў сістэме адукацыі. Днямі прынесла дадому падарункі для дзяцей, якія мяне проста вывялі з раўнавагі, піша наша чытачка Вольга. Кажуць, раней была магчымасць выйсці з лукашэнкаўскіх прафсаюзаў, і не плаціць адлічэнні гэтым дармаедам. Цяпер такой магчымасці няма. Я пасля 2020 спрабавала, аднак мне шчыра сказалі, што калі выходзіш з прафсаюза, то аўтаматычна страчваеш і працоўнае месца.
Засталася.
Перад Калядамі атрымала дзіцячыя падарункі. Якое ж было мае здзіўленне, калі мы іх распакавалі. Там адны расейскія цукеркі. А дзе ж дзеліся нашы смачныя, традыцыйныя –“Камунарка” і “Спартак”? Не скажу, што нам даўней давалі добрыя падарункі: палова цукерак — карамелькі, але іх, прынамсі, можна было з’есці.
А сёлета мы атрымалі нейкі расейскі пластылін! Наш сабака – вялікі ласун, і час ад часу мы яго радавалі чым-небудзь салодзенькім. Нават ён есці расейскую цукерку адмовіўся! З калегамі, калі абмяркоўвалі гэтыя падарункі, то хтосьці сказаў, што занясе ў госці. Мне ж з такім гасцінцам ісці сорамна.
А вось дзяржаве, выходзіць, не сорамна выдаваць гэтае паскудства дзецям.