2 студзеня 2025, Чацвер, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: У 2025-м годзе Крэмль чакаюць вялікія праблемы

2
Эксперт: У 2025-м годзе Крэмль чакаюць вялікія праблемы

Эканоміка РФ можа зрабіць крок ад рэцэсіі да дэпрэсіі.

Запланаваныя ў Расеі выдаткі на вайну ў 2025 годзе могуць дасягаць, з улікам закрытых артыкулаў, больш за 70% бюджэту. Гэта вялізныя грошы. І галоўнае пытанне: дзе РФ будзе іх браць? Пра гэта сёння, 30 снежня, у эфіры тэлеканала FREEДОМ сказаў кандыдат эканамічных навук, галоўны кансультант Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Іван Вус.

На ягоную думку, мае сэнс гаварыць пра тры крыніцы. Першая – так званая «кубышка» – Фонд нацыянальнага дабрабыту.

«Расея, безумоўна, мае пэўныя ашчаджэнні ў так званым Фондзе нацыянальнага дабрабыту, які дапамагаў Расеі праходзіць амаль тры гады поўнамаштабнай вайны, але ён таксама не вечны. І гэта таксама трэба разумець. І цяпер ужо не толькі апазіцыйныя, назавем іх так, расейскія эканамісты, але нават Цэнтральны банк Расеі акуратна дае сігналы, што ён не выключае, як было сказана ў заяве Цэнтральнага банка, абнулення Фонду нацыянальнага дабрабыту. Гэта значыць тыя ашчаджэнні, якія ёсць у дзяржавы, могуць знікнуць», – растлумачыў ён.

Яшчэ адна крыніца сродкаў на вайну, галоўная, – нафтавыя прыбыткі. Нафта застаецца асновай расейскай эканомікі. У 2025 годзе 27% чаканых паступленняў у расейскі бюджэт, паводле словаў госця эфіру, складуць менавіта нафтавыя прыбыткі. Ці апраўдаюцца расейскія чаканні датычна іх, залежыць, як падкрэслівае Вус, ад выканання новаабраным прэзідэнтам Дональдам Трампам сваіх абяцанняў пасля інаўгурацыі 20 студзеня. Ён нагадаў: адно з гэтых абяцанняў – павелічэнне здабычы нафты ў ЗША. З атачэння Трампа ўжо гучалі звесткі пра павелічэнне здабычы на 3 млн бараляў за дзень.

«Штодня ў свеце здабываецца 81 млн бараляў. І тут – 3 млн за дзень, якія ЗША пакуль плануюць здабываць. Гэта істотная лічба. Плюс яшчэ чакаюцца дзеянні Саудаўскай Аравіі ў павелічэнні здабычы. Плюс я не выключаю дзеянні, накіраваныя прыходнай адміністрацыяй Трампа ў дачыненні да краінаў, якія маглі б павялічваць здабычу нафты. Маю на ўвазе найперш Венесуэлу. Мы разумеем, што гэта найбольшая ў запасах нафты краіна ў свеце. Я не выключаю, што Трамп можа спрыяць рэвалюцыі ў гэтай краіне і, адпаведна, вяртанню яе ў гульню. Да чаго гэта прывядзе? Да таго, што кошты рэзка скароцяцца. І тут галоўнае – адказ на пытанне, адкуль бярэ Расея грошы. Яна іх бярэ ў асноўным з экспарту сваёй нафты... Я нагадаю, што ў бюджэце Расеі на 2025 год закладзена 70 дал. за бараль. А калі кошты ўпадуць… Я думаю, кошт можа быць ніжэйшы за 50, а то і 40 дал. за бараль», – адзначыў Вус.

Што да нянафтагазавага сектару, то ад яго, на думку эканаміста, нельга чакаць значных прыбыткаў ва ўмовах высокай уліковай стаўкі і «з адчуваннем сталага росту ўліковай стаўкі». Бо для таго каб развівацца, прадпрыемствам патрэбныя крэдытныя грошы, якія ў Расеі становяцца ўсё больш дарагімі.

«Да чаго гэта прывядзе? Да таго, што не будуць атрыманы чаканыя прыбыткі з ненафтагазавага сектару», – канстатаваў ён.

Рэзюмуючы сказанае, госць эфіру прагназуе найсур'ёзнейшыя праблемы ў расейскай эканоміцы ўжо ў другой палове 2025 года.

«Калі вы недаатрымліваеце ў нафце, як мы гэта чакаем цяпер, калі вы недаатрымліваеце папаўненні ў нянафтагазавай сферы, як гэта таксама відавочна, то пытанне: адкуль будуць грошы. Я не выключаю, што 2025 год, прынамсі другая палова года, можа для Расеі адзначыцца не проста нейкім сур'ёзным крахам… Пра гэта, дарэчы, таксама ўжо піша расейская прэса. Калі мы ўспомнім пачатак другой паловы 2024 года, то тады гаварылі пра стагфляцыю. У снежні, апошнім месяцы адыходзячага 2024 года, з'явілася слова "рэцэсія". А ад рэцэсіі да дэпрэсіі адзін крок. Гэты крок цалкам можа здарыцца ў гэтым [2025] годзе», – заявіў Іван Вус.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках