2 студзеня 2025, Чацвер, 18:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У выдатках Менска на навагоднія гулянні выявіліся цікавыя дэталі

4
У выдатках Менска на навагоднія гулянні выявіліся цікавыя дэталі

Знайшліся фірмы-карусельніцы.

Канцэрты і акцыі да дзяржсвятаў, як правіла, ладзяць за бюджэтныя сродкі. Сёлета толькі на арганізацыю дзвюх пляцовак выдаткуюць крыху больш за 1 мільён рублёў. «Люстэрка» паглядзела, колькі на галоўнае зімовае свята ў Менску вылучылі сёлета, а таксама хто пастаўляе такія паслугі. А заадно журналісты знайшлі цікавыя моманты пры падобных тэндарах.

Колькі выдаткуюць на аснашчэнне пляцоўкі ля Палаца спорту

У Менску сёлета арганізаваныя дзве галоўныя пляцоўкі, дзе праходзяць калядныя і навагоднія гулянні – ля Палаца спорту і ў Верхнім горадзе.

Матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем канцэртаў ля Палаца спорту сёлета займаецца часты пастаўшчык падобных закупак – кампанія з расейскім капіталам «Белімлайт». За гэта ёй заплацяць 582260 рублёў з дзяржбюджэту.

Сёлета яна ўжо арганізоўвала некалькі мерапрыемстваў на дзяржзамову. Напрыклад, парад каля стэлы «Менск – горад-герой» на 3 ліпеня за 463 тыс. рублёў, фестываль «Беларусь – мая песня» за 319,4 тыс. рублёў.

Пастаўшчыком паслуг на навагоднія святы яна стала таму, што да гэтага закупка была прызнаная несапраўднай. Такое можа здарацца, калі на запыт ад дзяржарганізацый не паступае ніводнай прапановы або яна толькі адна.

Колькі грошай запыталі пад другую пляцоўку

Па другі бок Нямігі, у Верхнім горадзе (хутчэй за ўсё, ля Ратушы) праходзяць асобныя святкаванні. Там пляцоўку арганізуе іншы часты пераможца падобных дзяржзакупак – фірма Вадзіма Рашэцькі «Відэавуал дызайн». За гэта ёй плацяць 425574 рублі. Таксама з бюджэту.

Характэрна, што за права паўдзельнічаць у закупцы «змагаліся» дзве кампаніі. Гэта непасрэдна «Відэавуал дызайн» і «Івэнт Дэкор». Аднак адзіная прапанова паступіла ад першай з іх, якая і стала пераможцай.

Такая самая схема паміж гэтымі кампаніямі выкарыстоўвалася падчас аўкцыёну ў закупцы аналагічных паслуг на правядзенне 9 траўня сёлета. Паводле такога самага сцэнару праходзіў закуп паслуг у арганізацыі 3 ліпеня ў Менскай вобласці.

Журналісты не могуць адназначна сцвярджаць, што гэтыя кампаніі дамаўляліся паміж сабой. Аднак такая рэгулярнасць у імкненні дзвюх фірмаў удзельнічаць у закупцы і нежаданне адной з іх рабіць стаўкі (інакш кажучы, змагацца за перамогу ў гандлі) выглядае падазронай.

Як правіла, гандаль у дзяржзакупках праходзіць паводле такога сцэнару: кампаніі, якія падыходзяць характарыстыкамі, змагаюцца за тое, каб зрабіць больш нізкую стаўку. Калі адна гатовая прапанаваць паслугу за 100 рублёў, а іншая – за 95 рублёў, то, хутчэй за ўсё, пераможа другая з іх.

Нагадаем, што прыведзеныя вышэй выдаткі – толькі выдаткі на арганізацыю навагодніх пляцовак. Асобна дзяржава аплачвае паслугі артыстаў і вядоўцаў, а таксама арганізацыю для іх грымёрак, харчавання і ў некаторых выпадках падвозу. Акрамя гэтага, асобным артыкулам, як правіла, ідуць забеспячэнне святла і гуку. Аднак справаздачаў пра такія выдаткі журналісты пакуль не знайшлі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках