Гісторык навукова даказаў, што сметанковае піва з «Гары Потэра» прыдумалі беларусы
5- 30.12.2024, 21:25
- 6,292

Ён спасылаецца і на гістарычныя дакументы 400-гадовай даўніны.
Гомельскі піўны гісторык-энтузіяст Станіслаў Прыдыбайла, які практычна ў адзіночку займаецца даследаваннем беларускіх традыцый піваварства, карані якога сыходзяць глыбока ў Сярэднявечча, у эпоху манахаў-базільянаў, зрабіў нечаканае адкрыццё: навуковай мовай яму ўдалося даказаць, што знакамітае сметанковае піва з «Гары Потэра» мае беларускія карані, піша «Анлайнер».
І карані гэтыя адсылаюць аж да эпохі Цюдораў, аднаго з самых улюбёных напояў тагачаснай шляхты – граматцы. Прачытаць поўны тэкст даследавання, а таксама азнаёміцца з рэцэптам таго самага піва можна тут.

«Мне здаецца, гэта вельмі крутая гісторыя, асабліва пра Новы год, і вялізны штуршок у развіцці нашай пітной культуры, каб не толькі дранікамі частавалі, але і яшчэ граматкай. Я ўжо правёў два майстар-класы, лекцыі ў Гомелі і Гародні, дзе расказаў гэтую гісторыю і прыгатаваў рэцэпт, які вельмі многім спадабаўся, а гіды ў Гародні цяпер частуюць гэтым напоем турыстаў», – прызнаўся аўтар піўной навуковай працы.
А інакш як навуковай працай гэтае даследаванне назваць і нельга. Адсылкі і да арыгінальнага тэксту Роўлінг, і да твораў Адама Міцкевіча, і да гістарычных дакументаў амаль што 400-гадовай даўніны – Станіслаў склаў вельмі пераканальную доказную базу.

Нядзіўна, што праца ўжо заслужыла ўвагу навукоўцаў. І нават ужо паспела атрымаць рэцэнзію ад асноўнага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН, кандыдата гістарычных навук Алега Дзярновіча.

Вось што піша навуковец у сваім каментарыі:
«Станіслаў Прыдыбайла прапанаваў свой варыянт чытання «піўных рэбусаў». І трэба сказаць, што версія аўтара пра нямецкі “піўны суп” як крыніцу паходжання “сметанковага піва” эпохі Цюдораў і “граматкі” на віленскім стале Жыгімонта Старога выглядае даволі пераканальна. Такім чынам, гэтая традыцыя ідзе прынамсі з XV стагоддзя», – адзначыў Дзярновіч.
Намёкі на тое, што Джоан Роўлінг выдатна ведала пра існаванне Менска, хадзілі даўно. У адной з кніг серыі Хагрыд нават «пасварыўся з вампірам у менскай піўной». Але цяпер з'явіўся афіцыйны навуковы доказ гэтаму факту. А таксама, здаецца, новы патэнцыйна чыста беларускі навагодні дэлікатэс.