Выбухі прагрымелі ў порце Новарасійска
- 4.12.2024, 9:16
- 6,350
Мясцовыя жыхары паведамляюць аб нападзе з боку Чорнага мора.
У раёне горада Новарасійск (Краснадарскі край, РФ) уночы 4 снежня прагрымелі выбухі. У рэгіёне вялася праца сістэм супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на мэрыю Новарасійска, а таксама мясцовыя паблікі і расмедыя.
Сірэна гучала ў Новарасійску блізу паўгадзіны ўначы, і абвяшчалася аб пагрозе паветранага нападу з выкарыстаннем беспілотнікаў.
Пазней мэр Новарасійска Андрэй Краўчанка заявіў, што ў горадзе працуе СПА. Ён таксама расказаў, што ўсе службы "прыведзеныя ў стан баявой гатоўнасці".
А намеснік старшыні Новарасійска Аляксандр Ямянскоў заявіў у сваім Telegram-канале, што забаронена здымаць і выкладваць кадры працы супрацьпаветранай абароны, а таксама "сродкі абароны аб'ектаў атакі, працы спецыяльных і аператыўных службаў у сацыяльныя сеткі".
У новарасійскіх чатах пісалі аб серыі выбухаў, якія чулі як у самім горадзе, так і ў порце і ў наваколлях.
Жыхары Новарасійска распавялі Telegram-каналу SHOT, што "ў небе над горадам было чуваць ад двух да пяці выбухаў над акваторыяй Чорнага мора".
У мясцовых Telegram-каналах таксама выказвалася незадаволенасць, што абвяшчэнне аб паветранай небяспецы з'явілася пасля гукаў выбухаў.
У мэрыі Новарасійска растлумачылі, што сірэна і абвесткі не далі загадзя таму, што мясцовыя ўлады "адштурхваюцца ад аператыўнай інфармацыі вайскоўцаў".
“Пастанова прымаецца, калі ёсць рэальная пагроза для жыхароў. Робіцца гэта для таго, каб не было лішняй панікі і звыкання насельніцтва да сірэн, калі жыхары не рэагуюць”, - распавёў Яменскаў.
Таксама ў мэрыі выказаліся аб працы СПА і заявілі, што нібыта "збіццё было над морам".