5 снежня 2024, Чацвер, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус адкрыў у Польшчы самы калядны бізнэс

4
Беларус адкрыў у Польшчы самы калядны бізнэс
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Дастаўляе кліентам ялінкі з Даніі.

Максім шукаў у Польшчы сферу для бізнэсу, дзе можна пачаць зарабляць адразу і шмат. Гучыць як калядная казка, і збольшага так і ёсць: беларус пачаў дастаўляць кліентам жывыя ялінкі з Даніі. Пачаў з Варшавы, а потым выйшаў і на рынак Кракава. Канкурэнтаў нямала, але Максім запусціў паслугу, якая вылучае ягоны бізнэс сярод іншых, - ён яшчэ і вязе свае ялінкі пасля свят. Ці шмат можна зарабіць на ялінках і ці стае заробку на цэлы год, Максім расказаў MOST.

Дрэвы, якія дастаўляе Максім, правільна называюцца "каўказская піхта прэміум". Чатыры гады таму, калі мужчына толькі ўваходзіў у гэты бізнэс, ён выбіраў сярод многіх кампаній ЕЗ і спыніўся на адным пастаўшчыку з Даніі. Кошт у яго - з верхняга коштавага дыяпазону, але і якасць адпаведная.

У першы год прадаць удалося толькі 300 ялінак, а ўжо ў наступным рэалізацыю ўдалося нарасціць адразу ў чатыры разы. У 2023 годзе Максім прадаў крыху менш - прыкладна 1 000 ялінак. Сезон 2024 года толькі пачаўся, але папярэднія адзнакі паказваюць, што замовы паб'юць усе рэкорды.

Адкуль такі попыт? Максім кажа, што за чатыры гады назапасілася база кліентаў. Многія заказчыкі ўжо ацанілі ягоную паслугу і купляюць ялінкі зноў. Да таго ж Максім выдае кліентам купоны, якімі яны могуць дзяліцца з сябрамі. Многія новыя заказчыкі прыходзяць такім чынам.

Продаж прадпрымальнік вядзе праз сайт. Там кліенты выбіраюць прыдатныя ялінкі і паказваюць зручны час дастаўкі.

Бізнэс Максіма не ўнікальны. У Варшаве і Кракаве нямала кампаній, якія прапануюць дастаўку калядных ялінак дадому. Але беларус не толькі прывозіць дрэва ва ўзгоднены з кліентам час, але і сам устанаўлівае яго, а пасля свят забірае ялінку і сам развязвае пытанне з яе утылізацыяй. Кампаній з такім сэрвісам мала, таму Максім зрабіў акцэнт менавіта на гэтым.

- Ялінка высахла - прыходзіць хлопец, акуратна заварочвае яе і выносіць. Ніякіх праблем, ніякага смецця, - тлумачыць Максім. - Усё гэта ўжо ўключана ў кошт.

У залежнасці ад вышыні і ад таго, ці дастаўляецца ялінка ў гаршку, кошты на калядныя дрэвы могуць вагацца ад 250 да больш як 400 злотых (ад 61 да амаль 100 даляраў).

Сезон дастаўкі доўжыцца ўсяго 22 дні - з 1 да 22 снежня. Але падрыхтоўка да гэтага часу пачынаецца ўжо ў лютым - трэба складаць базу кліенту, займацца маркетынгам і рэкламай.

Маржынальнасць ялінкі высокая. Максім гаворыць, яна даходзіць да 250%.

- На цэлы год сярэдняга жыцця [заробленага за сезон], вядома, не дастаткова. Але агулам за гэты месяц набіваецца нядрэнная фінансавая падушка - або для рэінвесту, або проста назапашваецца нядрэнны запас грошай, - кажа Максім. У несезон ён займаецца крыптавалютай.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках