У Літве нельга будзе здаць іспыт па кіраванню на расейскай мове
11- 4.12.2024, 16:25
- 3,488
Міністр унутраных спраў краіны патлумачыла, з чым гэта звязана.
З наступнага года іспыт па кіраванні ў Літве можна будзе здаць на літоўскай мове ці іншай мове ЕЗ. Міністр унутраных спраў краіны Агне Білатайтэе заявіла, што адмова ад іспыту па кіраванні на расейскай мове звязаная з каштоўнаснай пазіцыяй краіны, піша Delfi.
«Была прынятая пастанова, што тэорыю можна будзе здаць на літоўскай мове ці на іншых мовах ЕЗ. На расейскай мове яе нельга будзе здаць», – сказала журналістам Білатайтэ. З яе слоў, такая пастанова звязаная з каштоўнаснай пазіцыяй Літвы ў дачыненні да Расеі, якая ваюе з Украінай, і расейскай мовы.
«Гэтая пастанова тычыцца пытання каштоўнасцяў, пазіцыі ў дачыненні да мовы агрэсара. Другі аспект звязаны з міграцыйнымі працэсамі», - сказала міністр.
«Недапушчальна, што на расейскай мове, на мове краіны-агрэсаркі надаюць публічныя паслугі», - дадала яна.
Раней МУС Літвы паведамляла, што з 1 студзеня 2025 г. іспыты па кіраванню можна будзе здаць толькі на літоўскай і іншых афіцыйных мовах ЕЗ. Такі дакумент падпісаны міністрам Білатайтэ. Яго мэта - пабуджэнне да выкарыстання дзяржаўнай мовы, умацаванне інтэграцыі замежнікаў у грамадскае жыццё і забеспячэнне паляпшэння супрацоўніцтва з краінамі ЕЗ.