Беларускі футбольны трэнер пагражаў суддзі
3- 5.12.2024, 18:05
- 6,356
Цяпер яго чакае дыскваліфікацыя.
Беларускі футбольны трэнер Віктар Ганчарэнка, які ўзначальвае клуб расейскай прэм'ер-лігі «Пары НН», пастановай кантрольна-дысцыплінарнага камітэта Расейскага футбольнага саюза дыскваліфікаваны на два матчы РПЛ (адзін з іх умоўна, з выпрабавальным тэрмінам да канца сезона), а таксама аштрафаваны на 2500 даляраў.
Такое пакаранне 47-гадовы спецыяліст атрымаў за выказванні пра арбітра. Пасля матчу з «Растовам», у якім ніжагародцы саступілі з разгромным лікам 0:4, паведамлялася, што Ганчарэнка ў падтрыбунным памяшканні звярнуўся да галоўнага арбітра матчу Яна Баброўскага са словамі: «Ян, табе нядоўга засталося, не хвалюйся». Пасля гэтага трэнер атрымаў чырвоную картку.
«Ганчарэнка раней караўся трохматчавай дыскваліфікацыяй і штрафам 2500 тысяч расейскіх рублёў (2500 даляраў) за абразлівыя паводзіны на адрас афіцыйных асоб. Затым ён падчас выпрабавальнага тэрміну паўтарыў парушэнне», - падкрэсліў кіраўнік КДК РФС Артур Грыгар'янц. З ягоных слоў, па нядаўняй гісторыі дысцыплінарны камітэт атрымаў дадатковы рапарт: «Ён знаходзіўся ў падтрыбунным памяшканні пасля матчу, пачаў выказваць прэтэнзіі па манеры стасункаў суддзяў. Ганчарэнка сказаў памочніку галоўнага суддзі Балацянкову: «Вы маеце стасункі з гульцамі з такімі хамскімі мордамі». Баброўскі папярэдзіў трэнера, пасля чаго Ганчарэнка сказаў: «Ян, табе нядоўга засталося». Пасля Ганчарэнка хацеў зайсці ў судзейскую, дэлегат спытаў дазволу, але суддзі адмовілі».