Беларуская мастачка намінаваная на польскую прэмію Paszporty Polityki
- 6.12.2024, 16:28
- 1,742
Ала Савашэвіч адзначаная ў намінацыі «візуальнае мастацтва».
Мастачка Ала Савашэвіч увайшла ў лік намінантаў прэстыжнай польскай прэміі Paszporty Polityki 2024. Гэта штогадовая ўзнагарода, якой уплывовае польскае выданне Polityka адзначае яскравых дзеячаў культуры Польшчы, піша MOST.
Пашпарт Polityki - гэта сімвалічны дакумент, які выдзяляе таленавітых аўтараў, у тым ліку тых, хто разбурае стэрэатыпы і асвойвае новыя фарматы. У 2024 годзе на прэмію намінаваныя 52 аўтары ў 21 намінацыі. Ала Савашэвіч адзначаная ў намінацыі «візуальнае мастацтва». У 2021 годзе гэтую прэмію атрымала беларуска Яна Шостак.
Ала Савашэвіч нарадзілася ў Століне ў 1989 годзе, пачала вучобу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Менску, а працягнула яе ўжо ў Польшчы, у Акадэміі прыгожых мастацтваў ва Ўроцлаве, дзе жыве дагэтуль. Цяпер яна дактарантка Акадэміі прыгожых мастацтваў Кракава. Беларуска займаецца фатаграфіяй, відэаартам, перформансам, але асноўнымі сродкамі мастацкага выяўлення для яе застаюцца скульптура і інсталяцыя.
«У мастацтве яна арыгінальна спалучае ўласны досвед, атрыманы ў Беларусі, з больш шырокімі разважаннямі аб функцыянаванні рэпрэсіўных сістэм - як палітычных, звязаных з аўтарытарнай уладай, так і сацыяльных, напрыклад патрыярхальных», - піша пра яе Polityka.
У 2024 годзе мастачка ўдзельнічала ў маштабнай панараме польскага фемінісцкага мастацтва ў Сопаце, а ва Ўроцлаве адбылася яе персанальная выстава Broń i chroń (“Абараняй і ахоўвай”) – у працах аўтарка даследавала чаканні грамадства ад жанчын у патрыярхальным асяроддзі. У канцы года адбылася выстава The Rite of Fall у Кракаве – перфоманс (ён быў прызначаны для відэазапісу), на які аўтарку натхніла “Вясна свяшчэнная” Ігара Стравінскага. Але мастачка пераасэнсавала ў рабоце тэмы ўлады і прыгнёту.