Аляксандр Мусіенка: Лукашэнка атрымаў сігнал, што адказ будзе па ім
29- 21.02.2024, 18:00
- 69,440
Палітолаг распавёў пра чатыры магчымыя сцэнары зрынання дыктатара.
У аўторак на сустрэчы з сілавікамі Лукашэнка распавёў пра тры сцэнары свайго зрынання. Чаму беларускі дыктатар зараз пра гэта загаварыў?
Такое пытанне сайт Charter97.org задаў палітычнаму эксперту, кіраўніку ўкраінскага Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандру Мусіенку:
- Справа ў тым, што Лукашэнка пакідае запасны варыянт на выпадак, калі неабходна будзе здрадзіць Пуціну. Для гэтага яму трэба часам публічна казаць аб некаторых пагрозах. Ён жа не заўсёды выразна канкрэтызуе, паказвае пальцам, а гаворыць вельмі завуалявана.
На маю думку, Лукашэнка разумее зараз усю сур'ёзнасць таго, у што ўцягнуў Беларусь, калі дазволіў размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі краіны. Але ж гэта не канчатковая мэта, цяпер неабходна шантажаваць Польшчу і краіны Балтыі. Маўляў, глядзіце, у нас ёсць ядзерная зброя, мы ў выпадку чаго яе выкарыстоўваем. Мне падаецца, што Лукашэнка пачаў атрымліваць пэўныя сігналы аб тым, што калі ядзерная зброя з тэрыторыі Беларусі будзе выкарыстаная, то адказ можа быць па ёй.
- Лукашэнка абвінаваціў намесніка міністра ўнутраных спраў і камандуючага Унутранымі войскамі Мікалая Карпянкова і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў «залішнім усхваленні «вагнераўцаў». Пра што гэта можа казаць?
- Мы ж выдатна разумеем, што «вагнераўцы», якія зараз знаходзяцца ў Беларусі, выконваюць не толькі задачы па навучанні асабовага складу войскаў, а могуць быць выкарыстаныя для таго, каб адхіліць Лукашэнку ад улады, калі ён не выканае які-небудзь з загадаў Масквы.
У гэты ж час таварышы Карпянкоў і Кубракоў у захапленні ад «вагнераўцаў», вядуць прапагандысцкую дзейнасць аб тым, якія яны «малайцы». Думаю, Лукашэнка ўсведамляе, што праз «вагнераўцаў» можа адбывацца ўкараненне расейскай агентуры, якая ў пэўны момант карумпуе або запалохае беларускіх чыноўнікаў.
Ідзе ўзмацненне рычагоў уплыву Расеі. Лукашэнка ж гэтага баіцца, змагаючыся за сваё палітычнае выжыванне.
Ён заўсёды трымае ў галаве, што будзе, калі ўсё ж пуцінскі рэжым будзе слабець, падаць. Як яму тады выблытацца з гэтай сітуацыі, каб не пайсці на дно з гэтым пуцінскім каменем? Ведаеце, калі фактар расейскага ўплыву пагражае асабіста ягонаму рэжыму, то ён пачынае рэагаваць.
- Якія сцэнары зрынання Лукашэнкі вы ўважаеце за рэальныя ў агляднай будучыні?
- Я бачу чатыры сцэнары. Першы - у нейкі момант ён можа сысці сам. Другі - магчымы пераварот сілавікоў, калі Лукашэнка раптам вернецца да тэмы ўдзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. Трэці - ніколі не варта здымаць з рахункаў грамадства. У Беларусі былі неаднаразова акцыі пратэсту. Яны могуць паўтарыцца і прывесці да змены ўлады.
Чацвёрты - адхіленне і арышт Лукашэнкі карумпаванымі і арыентаванымі на РФ сілавікамі. Гэта можа здарыцца, калі Крамлю здасца, што Лукашэнка хоча яму здрадзіць.