23 лiстапада 2024, Субота, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як рымскі філосаф і святы «прапісаўся» на поўначы Беларусі

1
Як рымскі філосаф і святы «прапісаўся» на поўначы Беларусі

Што звязвае святога Юстына з Мядзелам і Глыбокім.

Нашы продкі зусім натуральным чынам шукалі тлумачэння ўсім падзеям у навакольным свеце. І, вядома ж, знаходзілі. Бо галоўнае – жаданне. І хоць большасць такіх тлумачэнняў звязаная з паганскімі і тэрытарыяльнымі чыннікамі, нямала і тых, што пацвярджаюць цалкам шчырую хрысціянізацыю ў Беларусі, піша сайт np.by.

Святы Юстын

Гэты рымскі пакутнік, здавалася б, зусім ніякага дачынення не меў ні да Мосара (дакладна не бываў тут, хоць гісторыя вёскі налічвае некалькі стагоддзяў), ні ўвогуле да наваколляў Глыбокага. За адным-адзіным выключэннем: у старым Мядзеле (раённы цэнтр на тэрыторыі Менскай вобласці) знаходзіліся ягоныя рэліквіі. Чаму ж асаблівым чынам згадвалі гэтага святога на такой аддаленай ад ягонай радзімы тэрыторыі?

Па-першае, таму што гэты чалавек увогуле ўважаўся за аднаго з самых адукаваных людзей свайго часу. Па-другое, таму што ён шчыра змагаўся з такімі заганамі чалавечай натуры, як бяздзейнасць і п'янства.

Выдатны філосаф, ён нарадзіўся ў сям'і паганцаў і ў паганскай жа культуры Рымскай імперыі, але нават самыя праніклівыя філасофскія працы не давалі адказаў, якія ён ставіў перад сабой. Адказы, звязаныя са стварэннем свету і чалавека. Самая дасканалая для свайго часу, рымская філасофія аказалася зусім бездапаможнай перад ягоным дапытлівым розумам. Тым не менш ён нястомна яе вывучаў, каб дакладна не прапусціць «перліны» ў грудах пафаснага пустаслоўя.

А разумныя людзі заўсёды звяртаюць падвышаную ўвагу ўладаў, і час ці геаграфія тут не выконваюць істотнай ролі. Так і святы Юстын, яшчэ да свайго ператварэння ў паслядоўніка «хрысціянскай секты», такую ўвагу нязменна звяртаў, паколькі актыўна ўдзельнічаў у мностве публічных дыспутаў.

І пазней, калі Юстын пазнаёміўся з вучэннем Хрыста і Ягоных паслядоўнікаў, ён стаў яшчэ больш небяспечным канкурэнтам у дыспутах, бо выкарыстоўваў аргументы, якімі аперыравалі ягоныя апаненты. За што і быў па-зверску забіты. Цалкам у традыцыях свайго часу. Зрэшты, часы заўсёды аднолькавыя.

З Мядзела ў Мосар

Манастыр каталіцкага ордэна кармелітаў у старым Мядзеле без перабольшання доўгія гады быў цэнтрам культурнага жыцця наваколля. Тут дзейнічалі школа для дзяцей, перапісная майстэрня, сталоўня і лякарня для бедных, а таксама іншыя, кажучы сучаснай мовай, сацыяльныя праекты.

Будучы такім адукацыйна-культурным цэнтрам, мядзелскі кляштар проста змушаны быў падвышаць культурна-адукацыйны ўзровень жыхароў навакольных земляў.

Вядома, прыхільнікам атэізаванай прапаганды, перакананых у тым, што «рэлігія – опіум для народа», такое сцвярджэнне здасца дзіўным, аднак факт застаецца фактам: тое, што мы сёння называем адукацыяй і сацыяльнай сферай, стваралася і прасоўвалася менавіта манастырамі. Наладжваючы супрацоўніцтва паміж брацтвамі ў розных краінах, каталіцкія манастыры мелі магчымасць расказваць пра святых (ці, кажучы сучаснай мовай, выдатных людзей) іншых краінаў і народаў.

Так у Мядзел былі перавезеныя рэліквіі святога Юстына.

І аднойчы гэтыя самыя рэліквіі святога Юстына правозілі праз Мосар па наваколлях, зрабіўшы прыпынак на начаванне. Толькі вось запрэжка коней, на якую быў пагружаны куфар з рэліквіямі, раніцай адмовілася рухацца з месца. А пробашч манастыра ў Мядзеле той самай ноччу ўбачыў дзіўны сон, дзе чалавек у адзенні рымскага грамадзяніна настойліва патрабаваў застацца менавіта ў тым месцы, дзе яго так добра прынялі. Супаставіўшы дзве гэтыя падзеі, пробашч прыняў пастанову пакінуць рэліквіі святога Юстына ў мосарскім касцёле Святой Ганны, а коней з возам усё ж вярнуць у Мядзел. І легенда абвяшчае, што пасля таго, як куфар занеслі ў мосарскі касцёл, коні адразу крануліся з месца і доўгі шлях да Мядзела прарабілі ў рэкордны тэрмін.

Мосарская «прапіска»

Святы Юстын «прапісаўся» ў Мосары надоўга. З 1838 года, калі каля храма «затармазілі» коні, яны захоўваліся тут, нязменна дапамагаючы мясцовым сялянам змагацца з хваробамі бяздзейнасці і алкаголеспажывання. Цягам перыяду савецкай антыклерыкальнай прапаганды святара тут не было (ажно да пачатку 1980-х гадоў), але мясцовыя жыхары (парафіяльны камітэт) і падаткі плацілі за храм, і рамантавалі яго пры патрэбе. І пры магчымасці збіралі сведчанні тых, хто здолеў цудоўным чынам пазбавіць ад згубнага запалу да «зялёнага змея», звярнуўшыся па дапамогу да святога Юстына.

Вядома, насамрэч гісторыя значна больш празаічная. Манастыр у Мядзеле проста быў зачынены. Па-першае, таму што менавіта тады пачаў фармавацца ў свядомасці беларусаў міт пра іх «спрадвечнае праваслаўе», а, па-другое, з прычыны таго, што падчас паўстання 1830–1931 мяцежнікі нібыта атрымлівалі падтрымку і прытулак у манастыры. Адпаведна ўсе рэліквіі з яго перад закрыццём вывозіліся туды, дзе іх маглі «прытуліць».

А што да «Кнігі цвярозасці», якую і сёння вядуць дзякуючы святому Юстыну ў мосарскім касцёле… Так, напэўна, залежным людзям сапраўды неабходная звышнатуральная дапамога, каб ад сваёй залежнасці пазбавіцца. Прызнанне сваёй залежнасці перад сабой і сваімі блізкімі, абяцанне ў спецыяльнай кнізе – і так, крыху цудоўнай сілы святога Юстына.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках