24 гады таму ў Менску прайшоў «Марш Свабоды 2»
1- 16.03.2024, 17:19
- 4,328

Акцыя ў Менску ўвайшла ў гісторыю беларускага Супраціўлення.
24 гады таму ў Менску прайшоў масавы «Марш Свабоды 2», піша тэлеграм-канал «Баста».
Падрыхтоўка да акцыі адбывалася ў складаных варунках. Яшчэ свежыя былі ўспаміны аб першым «Маршы Свабоды», які скончыўся жорсткім разгонам і сутыкненнямі дэманстрантаў з ОМОНам і ўнутранымі войскамі. Гэты фон улады максімальна выкарыстоўвалі, імкнучыся сарваць акцыю або, прынамсі, максімальна знізіць колькасць яе ўдзельнікаў.


Практычна штодзень міліцыя затрымлівала актывістаў дэмакратычных арганізацый, якія распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы. У незалежныя мэдыі "злівалася" інфармацыя аб тым, што спецслужбы рыхтуюцца жорстка разагнаць дэманстрацыю. Студэнтам пагражалі адлічэннем з ВНУ, калі 15 сакавіка яны будуць адсутныя на занятках або ў інтэрнатах. Чыноўнікі і карнікі публічна пагражалі арганізатарам маніфестацыі.


Тым не менш, нягледзячы на пагрозы, рэпрэсіі і дрэннае надвор'е, у Маршы свабоды 2 ўзялі ўдзел блізу 40 тысяч чалавек. Каля ўваходаў на плошчу Якуба Коласа, дзе быў прызначаны збор, удзельнікаў чакалі імправізаваныя касы, дзе ім выдавалі "стодаляравыя банкноты" з надпісам "Удзельніку Марша Свабоды". Такім чынам арганізатары адрэагавалі на абвінавачанні ў тым, што людзі ўдзельнічаюць у акцыях за грошы.


Вялікая калона прайшла праспектам Скарыны да Акадэміі Навук. Лозунгі Марша — «Волю палітычным вязням!», «Не — дыктатуры!», «Беларусь у Еўропу!»
Фатаграфіі шырокіх менскіх вуліц, запоўненых бел-чырвона-белымі сцягамі, абляцелі ўвесь свет, разбурыўшы міф аб нешматлікасці прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі. “Марш Свабоды 2” закончыўся мітынгам і канцэртам з удзелам гуртоў “NRM”, “Neuro Dubel” ды іншых музыкаў.


Улады спалохаліся шматлікасці акцый. Праз дзесяць дзён, 25 сакавіка, у Менск былі ўведзеныя войскі з панцырнай тэхнікай, і акцыя ў Дзень Волі была жорстка задушаная. Сотні чалавек былі збітыя і арыштаваныя.
Тым не менш, «Марш Свабоды 2» дапамог беларусам мабілізавацца, і стаў пралогам для паспяховай кампаніі байкоту выбараў у «палату прадстаўнікоў», дзякуючы якой выпала ўнікнуць міжнароднага прызнання прызначанага «парламента».


Тыя, хто якія ўпершыню прыйшоў на “Марш Свабоды” і “Марш Свабоды 2” або былі іх сведкамі, сталі новым пакаленнем беларускіх змагароў за свабоду. Людзьмі, якія ведаюць цану свабоды і ахвочыя за яе змагацца, якія ніколі не стануць рабамі.