23 лiстапада 2024, Субота, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канстанцін Астрожскі: росквіт ваеннага генія беларусаў

3
Канстанцін Астрожскі: росквіт ваеннага генія беларусаў

Чым запомніўся вялікі гетман ВКЛ.

Аб паходжанні роду Астрожскіх ёсць дзве версіі. Паводле першай, яны паходзілі ад князёў Друцкіх, паводле другой версіі, былі нашчадкамі Тураўскіх князёў, піша vklby.com.

Бацькамі Канстанціна былі ягоны бацька Іван Астрожскі і маці Настасся Глінская, а нарадзіўся ён прыблізна 1460-1463 годзе.

У раннім дзяцінстве Канстанцін са сваім старэйшым братам Міхаілам, застаюцца без бацькі, які памёр прыблізна ў 1466 годзе. Яны прадаўжаюць жыць у сваім радавым маёнтку Астрозе да 1481 года, у гэтым годзе Канстанцін пераязджае ў Вільню для свайго навучання.

Праз два гады Канстанцін Астрожскі вяртаецца дадому, але не надоўга, пабыўшы трохі ў Астрозе, ён едзе да двара вялікага князя на службу. У 1494 годзе яго адпраўляюць з пасольствам у Маскву, прасіць маскоўскага князя Івана Васільевіча адпусціць сваю дачку Алену, да якой сватаўся вялікі князь літоўскі Аляксандр.

Пабыўшы на княжацкай службе, Канстанцін Астрожскі наважыў, што гэта не для яго і адправіўся на Валынь, дзе пачасціліся напады татараў. Ягоная ваенная кар'ера пачалася ў 1497 з бітвы каля рэчкі Сарота, дзе ён разам са сваім братам Міхаілам разбіў татарскі загон. У тым жа 1497 годзе Астрожскі ўдзельнічае ў паходзе вялікага князя Аляксандра на Малдову і падчас вяртання дадому разбівае ў Ачакаве тысячны атрад татараў пад камандаваннем сына крымскага хана Махмат-Гірэя. За што і атрымлівае ў гэтым жа годзе, з рук Аляксандра, гетманскую булаву, а таксама і розныя зямельныя маёнткі.

У 1500 годзе Маскоўскае княства пайшло вайной на ВКЛ, вялікі князь Аляксандр адправіў Астрожскага на памежныя землі з васьмітысячным атрадам. Па дарозе ў Дарагабуж, на рацэ Ведраш, 14 ліпеня ягоны атрад ўступіў у бой з 40 тысячным войскам Масквы, ягоны атрад быў цалкам разбіты, а сам Астрожскі разам з іншымі шляхціцамі трапіў у палон.

На Астрожскага надзелі кайданы і пасадзілі ў турму, князь Аляксандр спрабаваў праз амбасаду вызваліць Астрожскага, але ўсе прапановы Іван III адпрэчваў. Іван III дамагаўся ад Астрожскага ягонай прысягі на вернасць. Шэсць гадоў Астрожскі адмаўляў у гэтым Івану III, і заставаўся ўвесь гэты час у кайданах, але 1506 годзе ён пагадзіўся прысягнуць на вернасць Івану ІІІ.

Астрожскага выпусцілі з турмы і прызначылі камандаваць палкамі на паўднёвых межах, але не так проста было збегчы на радзіму Астрожскаму, за ім вельмі ўважліва сачылі, і не для таго, каб зноўку быць схопленым, ён пагадзіўся даць прысягу Івану III, ён пачаў чакаць зручнага моманту. Такі момант з'явіўся толькі праз год, як яго адпусцілі, у 1507 годзе. Канстанцін Астрожскі, на падставе агляду палкоў, выехаў з Масквы ў Тулу са сваім верным слугой. Як толькі ў Маскве стала зразумела, што Астрожскі замест Тулы накіраваўся ў Літву, па яго выслалі пагоню, і ледзь не схапілі, у адной вёскі Астрожскі затрымаўся ў храме, а ягоны слуга пайшоў далей, і маскоўскія жаўнеры яго і схапілі, палічыўшы за Астрожскага. Лясамі і балотамі Астрожскі змог у адзіночку дабрацца да межаў Літвы, і вярнуўся дадому. Па вяртанні дадому, ужо ад новага вялікага князя Жыгімонта Старога, атрымаў назад усе свае землі і рэгаліі, а таксама і гетманскую булаву.

Не паспеўшы доўга пабыць дома, у 1508 годзе, Астрожскі зноў быў вымушаны адправіцца на распачатую вайну з Масквой, але ў гэтай вайне ягоны атрад у баявых дзеяннях не ўдзельнічаў, ён толькі паспеў заняць, пакінуты маскоўскімі жаўнерамі Дарагабуж, пасля чаго паміж ВКЛ і Масквой было ўкладзенае перамір'е.

Канстанціну Астрожскаму зноў не ўдалося доўга пабываць у сябе дома ў Астрозе, на гэты раз, яму давялося адправіцца на вайну з крымскімі татарамі, якія ўварваліся на тэрыторыю ВКЛ. Асноўная бітва ў гэтай вайне адбылася 28 красавіка 1512 года пад Вішняўцом. У гэтай бітве Канстанцін Астрожскі цалкам разбіў 24 тысячны загон татараў, пры гэтым ягонае войска значна саступала колькасцю татарскаму загону. Пасля паразы пад Вішняўцом, татарскі хан Менглі-Гірэй, адразу ж даслаў сваіх паслоў да Жыгімонта прасіць міру, які крыху пазней і быў укладзены.

У наступнай вайне з Масквой за Смаленск Канстанцін Астрожскі ўнёс сваё імя ў гісторыю вялікіх палкаводцаў. Так 8 кастрычніка 1514 года ў бітве пад Воршай ён са сваім 30 тысячным войскам разбіў 80 тысячнае Маскоўскае войска. Гэтая навіна абляцела ўсю Еўропу, а бітва ўвайшла ў еўрапейскія вайсковыя падручнікі, як прыклад стратэгіі бою з меншай колькасцю войскаў.

Пасля перамогі пад Воршай Астрожскі адправіўся з войскамі да Смаленска, дзе частка гараджан на чале з біскупам Варсанофіем гатовая была здаць горад Астрожскаму, але ён не паспеў, змова была раскрытая, а Варсанофія пакаралі смерцю. Прыйшоўшы да Смаленска, Астрожскі зразумеў, што не паспеў, і тых шасці тысяч жаўнераў, якія засталіся ў яго пасля імклівага пераходу і хвароб, відавочна не выстарчыла для штурму, тым больш без гармат, якія ён пакінуў, каб павялічыць хуткасць руху свайго войска.

Канстанцін Астрожскі здымае аблогу і вяртаецца назад, вызваліўшы па дарозе гарады Крычаў, Мсціслаў і Дуброўна. Ён едзе ў Вільню, дзе ў гонар ягонай знакамітай перамогі пад Воршай Жыгімонт пабудаваў Трыумфальную арку, і праз якою Астрожскі ўвайшоў у горад.

Пасля вяртання ў Вільню Астрожскі не надоўга вяртаецца дадому, і потым зноў ідзе ў паход на горад Апочку, прастаяўшы там некаторы час, пакідае горад, і ідзе на дапамогу Полацку, які быў у аблозе, і ў гараджан амаль скончыліся харчы. Даведаўшыся, што да Полацка ідзе Канстанцін Астрожскі, маскоўскія войскі знялі аблогу і сышлі.

Пасля гэтага ён вяртаецца дадому, дзе правёў канец 1517 і пачатак 1518 года, а пасля адправіўся ў Польшчу, дзе яму выпаў гонар сустракаць на мяжы нявесту Жыгімонта Бону Сфорца, пасля чаго ён вярнуўся ў Літву.

Пасля заканчэння вайны з Масквой у 1522 годзе Канстанцін Астрожскі становіцца Троцкім ваяводам і займае першае месца ў Радзе. У тым жа 1522 годзе памірае ягоная жонка Таццяна Гальшанская, пакінуўшы князю Астрожскаму сына Івана. Праз год ён зноў ажэніцца, ягонай жонкай стала Аляксандра Слуцкая, якая нарадзіла яму дачку Сафію і сына Канстанціна.

У 1524 годзе, падчас вайны з Крымскім ханствам, Канстанцін Астрожскі зноў адпраўляецца ў ваенны паход на Ачакаў, які праз два дні здаўся Астрожскаму. Наступны ваенны паход на татараў, у 1527 годзе, быў для Астрожскага апошнім. Нарабаваўшы і набраўшы палонных у Літве, татары вярталіся ў Крым, і ў 40 мілях ад Кіева, на рацэ Альшанцы, яны наважылі спыніцца на адпачынак. Астрожскі на чале са сваім войскам, якое складала блізу 3500 жаўнераў, 27 студзеня 1527 года на досвітку, нечакана напаў на 30 тысячнае войска. Дзякуючы нечаканасці і таму, што коннікі Астрожскага змаглі адрэзаць татараў ад іх коней, перамога была на баку Канстанціна Астрожскага. Ён вызваліў з татарскага палону амаль 40 тысяч сваіх суайчыннікаў.

Пасля перамогі над татарамі Жыгімонт зноў сустракаў Астрожскага ў Кракаве з ушанаваннямі і падарункамі, а прыдворны летапісец Дэцый напісаў кнігу пра бітву на Альшанцы, і выдаў яе ў Нюрнбергу на лацінскай мове. Канстанцін Астрожскі памёр 8 жніўня 1530 года, і паводле ягонага завяшчання быў пахаваны ў Пячорскім манастыры.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках