230 гадоў таму пачалося паўстанне Касцюшкі на тэрыторыі Беларусі
5- 22.04.2024, 10:43
- 3,196
Уночы з 22 на 23 красавіка 1794 года паўстанцы абяззброілі расейскі гарнізон Вільні.
Гэтая падзея стала сігналам да пачатку ўзброеных дзеянняў супраць расейскіх войскаў у Літве і Беларусі.
Паўстанне Касцюшкі на тэрыторыі Польшчы пачалося на месяц раней, у сакавіку. Непасрэднымі прычынамі яго сталі другі падзел Рэчы Паспалітай і скасаванне Канстытуцыі, прынятай 3 траўня 1791 гады.
У Кракаве быў абвешчаны Акт паўстання, а яго кіраўнік Тадэвуш Касцюшка прынёс публічную прысягу. Акт абвяшчаў яго вярхоўным гетманам нацыянальнымі ўзброенымі сіламі і даваў яму ўсю паўнату ўлады ў краіне. У розных месцах Рэчы Паспалітай насельніцтва стала ўзбройвацца і весці партызанскую вайну з акупацыйнымі расейскімі і прускімі войскамі.
На тэрыторыі Літвы і Беларусі паўстанцаў узначаліў Якуб Ясінскі, якому на той момант было 32 гады.
На наступны дзень пасля абяззбройвання расейскага гарнізона, 23 красавіка, на рынкавай плошчы Вільні быў абвешчаны "Акт паўстання Літоўскага народа".
Найвышэйшая Рада Літоўская - кіроўны орган паўстання - абвясціла Ясінскага гетманам Літоўскіх паўстанцкіх войскаў. Між тым, ягоны радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання разглядала Ясінскага як «ліцвінскага сепаратыста». У якасці гетмана літоўскімі паўстанцамі Ясінскі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян.
11 траўня 1794 года Касцюшка прызначыў Ясінскага генерал-лейтэнантам.
На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага акрамя Ясінскага дзейнічалі генералы Грабоўскі і Хлявінскі. Першая бітва паўстанцаў - пад Немянчынам - скончылася паразай. 7 мая адбылася другая бітва - пад Палянамі, якая таксама скончылася паразай. Ясінскі разгледзеў за неабходнасцьумацаваць абараназдольнасць Вільні, але новы камендант горада Вельгорскі прыняў пастанову адвесці войскі ў Лідскі павет. Нічога не ведаючы пра гэту пастанову каменданта, Ясінскі чакаў яго ў лагеры пад Соламі, дзе раней дамовіліся злучыць войскі. Страціўшы шмат часу на безвыніковае чаканне, Ясінскі з 4 000 жаўнераў распачаў адчайную атаку на расейскія карпусы Зубава і Бенігсена (блізу 5 000 салдат пры 16 гарматах). Бітва адбылася 26 чэрвеня пад Соламі і стала адным з самых кровапралітных баёў усёй кампаніі. Ясінскаму давялося адступіць, хоць і не парушаючы баявога парадку. Падчас адступлення загінуў брат Якуба капітан стралкоў Юзэф.
Разрозненыя дзеянні паўстанцаў і супярэчнасці паміж прыхільнікамі поўнай незалежнасці Літвы і варшаўскім кіраўніцтвам сталі адной з прычын паразы паўстання.
Праз месяц расейскія войскі пасля двухразовага нападу захапілі Вільню.
Якуб Ясінскі выехаў у Варшаву, дзе і загінуў, абараняючы горад ад войскаў Суворава. Ён пахаваны на Камянкоўскіх могілках польскай сталіцы.
Пасля паразы паўстання быў праведзены трэці падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога сучасная Літва і заходняя частка Беларусі ўвайшлі ў склад Расеі.