«Хлеў з крыламі»: украінскі лётчык высмеяў беларускі самалёт «Асвей»
20- 29.05.2024, 22:08
- 39,156
Супольны праект Беларусі і РФ не будзе запатрабаваны.
Беларусь і Расея рыхтуюць выпуск супольнага лёгкага турбавінтавога самалёта «Асвей». Яго будуць збіраць у Баранавічах паводле распрацовак "«Уральскага завода цывільнай авіяцыі».
Ці ёсць у Расеі і Беларусі магчымасць стварыць свой самалёт? Гэтае пытанне сайт Charter97.org задаў лётчыку-інструктару і палкоўніку Узброеных сіл Украіны ў запасе Раману Світану:
- Гэта сярэднепамерны самалёт, які можа паднімаць да 20 пасажыраў. Узровень чэшскага L-410. У прынцыпе, няма вялікай складанасці стварыць такі самалёт.
Тут пытанне стаіць у яго эксплуатацыі. На сусветныя рынкі ён ніяк не выйдзе: сегмент вельмі шчыльна заняты вытворцамі. Кошты на іх вагаюцца дзесьці ля 5 мільёнаў даляраў. Сегмент рынка, дзе ён выкарыстоўваецца, вельмі вузкі.
Так, Расея можа выкарыстоўваць такі самалёт на некаторых дыстанцыях, ім гэта выгадна. Беларусі ж гэты самалёт не надта патрэбны: невялікая краіна, а выкарыстоўваць яго на міжнародных рэйсах няма сэнсу. За гэты ж час можна хутчэй далятаць на аўто з адной мясціны ў іншую, чым важдацца з пасадкай/высадкай самалёта. Гэта нерацыянальна для Беларусі.
Для такіх самалётаў патрэбна прастора да 1 000 кіламетраў - Расея ці Кітай, але там ёсць свае самалёты. На свой рынак Кітай «Асвей» наўрад ці пусціць.
Падкрэслю, гэта больш цывільны ці тэхнічны самалёт, не вайсковая машына. Таму далягляд, у прынцыпе, ёсць, але толькі з завязкай на расейскі рынак. Калі РФ не стане замаўляць, то гэты праект утапічны ў сэнсе рэалізацыі.
- На самалёце будзе ўсталяваны рухавік ВК-800, які распрацоўваюць з 1998 года, але дагэтуль не ўсталявалі на аніводзін самалёт. Ці існуе ўвогуле гэты рухавік у прыродзе?
- Так, праблема з «рухавічкамі» у расейцаў ёсць. Яны не змаглі давесці да ладу ніводзін рухавік. Думаю, што ў выпадку з «Асвеем» не будзе інакш.
Вось ва Украіне быў Запарожскі завод вытворчасці авіяцыйных рухавікоў, а таксама прадпрыемствы ў Харкаве і Кіеве, дзе дзясяткі гадоў вырабляліся рухавікі. Іх і чэхі куплялі, ставілі на свае апараты. Расея ж так рухавічкі і не запусціла, нават для гелікаптэраў, тых жа Ка-52. Іх рухавікі проста «ляцяць».
Дарэчы, у гэтай сітуацыі трэба разумець сегмент. Кожны цывільны або тэхнічны самалёт - гэта не знішчальнік. Тут няма найвышэйшых патрабаванняў да тэхналогій.
Груба кажучы, гэта хлеў з крыламі. Пабудаваць яго - не праблема. У такога хлява няма вялікіх эксплуатацыйных перагрузак, узлёт-пасадка, палёт па маршруце - і ўсё.
Такі хлеў з крыламі зляпіць могуць нават расейскія прадпрыемствы, але, паўтару, з рухавікамі праблема. Бо гэта высокатэхналагічная вытворчасць, пачынаючы ад станкоў і заканчваючы падрыхтоўкай тэхнічнага персаналу. А вось тут праблема ёсць менавіта з высокімі тэхналогіямі ў расейцаў.
Увогуле, так, праект могуць рэалізаваць, але толькі пасля таго, як будуць зроблены рухавікі. Або закупленыя, напрыклад, у Кітая, але ў іх таксама праблемы. Чаму кітайцы і хацелі захапіць украінскі Запарожскі завод рухавікоў. Менавіта з-за гэтых тэхналагічных момантаў, якіх ні ў Кітаі, ні ў Расеі проста не існуе.