23 лiстапада 2024, Субота, 13:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аркадзь Мошэс: Гэта яшчэ больш загоніць Лукашэнку ў статус выгнанца

26
Аркадзь Мошэс: Гэта яшчэ больш загоніць Лукашэнку ў статус выгнанца
Аркадзь Мошэс

Як будзе развівацца сітуацыя на мяжы Польшчы і Беларусі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час было зафіксавана 50 нападаў на польскіх жаўнераў на беларускай мяжы з боку нелегалаў. Учора, 13 чэрвеня, адбылося пахаванне польскага жаўнера Матэвуша Сіткі, забітага нелегалам на мяжы з Беларуссю.

Чаму эскалацыя пачалася менавіта зараз? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў дырэктару даследчай праграмы па Расеі, Усходнім суседстве ЕЗ і па Еўразіі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненняў Аркадзю Мошэсу:

- У мяне няма адназначнага адказу на гэтае складанае пытанне. Тут можна разважаць дваяка. Магчыма, што ні з чым; проста людзі, якія знаходзяцца на беларускім баку мяжы, у нейкі момант пачалі губляць цярпенне і пачалі спрабаваць нейкія сілавыя акцыі. Мы ж бачылі аналагічныя дзеянні, напрыклад, у гішпанскіх анклавах у Паўночнай Афрыцы, у Сеуле, напрыклад, калі людзі спрабуюць дабіцца сваёй мэты сілай, зыходзячы з таго, што як толькі яны прарвуцца, з імі будуць размаўляць па-іншаму. Так што, у прынцыпе, гэта мог быць незапланаваны нервова-псіхалагічны зрыў.

Але, канешне, мы можам разважаць і па-іншаму. Досыць лёгка ўявіць сабе, што людзі ў Маскве і Менску, зыходзячы са свайго ўяўлення аб тым, як вядзецца гібрыдная вайна і якую ролю ў гэтым адыгрываюць мігранты, пастанавілі падліць алею ў агонь і пачалі арганізоўваць правакацыі. Сцвярджаць я гэтага не буду, але і выключыць не магу.

- Польскі бок адзначае, што ў нелегалаў у пашпартах стаяць расейскія візы, што адрознівае гэтыя атакі ад таго, што адбывалася ў 2021-м годзе, калі на мяжы затрымлівалі людзей у асноўным з беларускімі візамі. Якая роля Расеі ў гэтай гісторыі?

- Калі ў Польшчы ёсць дастаткова вялікая база, каб рабіць такія сцвярджэнні (а я не стаўлю гэта пад сумнеў), гэта, перш за ўсё, азначае, што Расея вялікая, і ёй прасцей арганізаваць адпаведныя працэсы. У яе больш людзей, больш развітая інфраструктура замежных прадстаўніцтваў, тыя ж консульствы ў сталіцах блізкаўсходніх і афрыканскіх дзяржаў, з якіх ідзе асноўная плынь патэнцыйных мігрантаў.

Але з пункту гледжання рэагавання на сітуацыю розніцы ніякай няма. Не важна, хто паставіў візу, важна, што мігранты апынуліся ў Беларусі. Расейскія візы не кажуць аб тым, што гэта ўсё цалкам прыдуманае выключна Масквой, у адзіночку.

Суцэль дапускаю, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даў на гэта дабро, а можа, яшчэ і вытаргаваў за гэта што-небудзь. Тэхнічна арганізаваць плынь мігрантаў Расеі, безумоўна, лягчэй, але, тым не менш, гэта якраз тое пытанне, на якое Лукашэнка, калі б ён захацеў, магло б адказаць адмоўна. У яго дастаткова фізічнага сілавога рэсурсу - стае ж яго на масавыя палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян Беларусі, дастаткова міліцэйскіх сіл для таго, каб перашкодзіць плыні людзей з візамі, выдадзенымі расейскімі консульскімі ўстановамі. Калі ён гэтага не робіць, значыць, гэта неяк абгаворана і ім асабіста санкцыянавана. Якім чынам, у абмен на што – гэта іншая размова, я гэтага не ведаю.

Так што я не стаў бы ўсіх сабак вешаць на Маскву. Хутчэй размова ідзе аб узгодненай пастанове. І неабавязкова навязанай Лукашэнку. Думаю, у яго таксама вельмі свярбяць рукі прадэманстраваць заходнім суседзям Беларусі, колькі праблем ён можа ім стварыць, калі яны не будуць прымаць яго да ўвагі.

- Некаторыя беларускія эксперты прапануюць такі варыянт адказу: Польшча закрывае транзіт грузаў з Беларусі, якім карыстаецца Кітай для экспарту ў Еўропу, што прывядзе да таго, што Пекін націсне на Лукашэнку і Пуціна, каб гэтыя атакі спыніліся. Наколькі гэта рэальная прылада? Ці гэта нешта з разраду фантастыкі?

- У Кітая ёсць магчымасці забяспечваць транзіт, абыходзячы тэрыторыю Расеі і тэрыторыю Беларусі. Таму мне падаецца, што гэта малаімаверна. Кітайцам прасцей пераарыентаваць транзіт, чым ціснуць на кагосьці. Ды і ў дынаміцы я зусім не ўпэўнены ў тым, што кітайскі транзіт дагэтуль у такой моцнай ступені залежыць ад расейска-беларускага шляху. Ёсць шмат іншых варыянтаў. Не думаю, што Кітай тут будзе ўмешвацца.

- У пачатку нашай размовы вы сказалі, што людзі пачалі губляць цярпенне і спрабаваць сілавыя варыянты. Ці варта чакаць эскалацыі? Просты прыклад: халодная зброя ў нелегалаў ужо з'явілася, а калі раптам з'явіцца агнястрэльная?

- Эскалацыі выключаць нельга, але калі з'явіцца агнястрэльная зброя, то я плюсаў для Менска і асабіста для Лукашэнкі ў гэтым не бачу наогул. Гэта проста яшчэ больш загнала б рэжым у статус выгнанца. Бо тады магчымыя будуць толькі два тлумачэнні.

Першае: Беларусь - гэта так званая «праваленая дзяржава». Таму што калі па яго тэрыторыі, пагатоў у пагранзоне, могуць свабодна разгульваць людзі з агнястрэльнай зброяй (не важна, супраць каго накіраванай і якім чынам атрыманай), а яна не можа гэтага спыніць, то інакш яе не назавеш. Другое: Беларусь у долі, а Менск усё гэта арганізуе. Але тады краіна з'яўляецца фундатарам міжнароднага тэрарызму. Выбірайце, што лепш для рэпутацыі.

Не гаворачы ўжо аб тым, што яшчэ гэтыя людзі са зброяй могуць прайсціся па найбліжэйшых населеных пунктах. «На экскурсію» схадзіць, як сказаў Лукашэнка з іншай нагоды. Не варта забываць, што шмат хто з гэтых маладзёнаў у краінах свайго паходжання навучыўся зусім інакш ставіцца да гвалту, чым жыхары Еўропы, Беларусі ці Расеі.

Таму я не чакаю з'яўлення хуткім часам у прымежжы людзей, узброеных агнястрэльнай зброяй. Аднак ужо сам факт, што нейкія людзі сядзяць у пагранзоне нібыта без дазволу, у незразумелым статусе, з візай, выдадзенай іншай дзяржавай, але з халоднай зброяй, не вельмі пахвальным чынам характарызуе стан беларускай дзяржаўнасці і праваахоўнай сістэмы.

Яшчэ хацеў бы падкрэсліць адну важную рэч - я не ўважаю гэта за крызіс. Крызіс - гэта сітуацыя, калі праблемы назапашваюцца, а адпаведныя органы ўлады (у гэтым выпадку - польскія і літоўскія) ніяк не могуць прыдумаць, што з гэтым рабіць.

У гэтым выпадку ўсё выглядае інакш. Нават у 2021 годзе крызісу не было. Як толькі была прынятая пастанова не пускаць мігрантаў і не звяртаць увагу на крытыку з боку людзей, якія «за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага», а ўмацоўваць мяжу людскімі і тэхнічнымі рэсурсамі, крызіс адразу знік. Бо небяспека масавых прарываў знікла.

Думаю, што недзе з 2021-га года, а недзе, як у Фінляндыі, з 2015-га, грамадства і, адпаведна, праваахоўныя структуры, прайшлі велізарны шлях ад успрымання мігрантаў на мяжы як гуманітарнай праблемы і нагоды для дыскусіі да бачання гэтага феномену як часткі гібрыднай вайны. Гэты зрух у мазгах большасці простых людзей і значнай часткі палітыкаў відавочны. Таму задача зараз стаіць у аддзяленні людзей, якія маюць права на прытулак, ад тых, у каго няма такіх падстаў. Прыбыццё апошніх будзе ўсё больш эфектыўна зводзіцца да мінімуму.

Пры закрытай мяжы праблема дакладна не вырасце да ўзроўню крызісу. Зноў жа, Фінляндыя з 30 лістапада мінулага года жыве з цалкам закрытай расейскай мяжой. Цалкам. Гэта адзіная дзяржава ў Еўропе, якая пайшла на такі крок, прычым без ваганняў. Гэта ўдарыла і па фінскіх грамадзянах, якім з гуманітарных ці іншых прычын неабходна ездзіць у Расею, але пытанне аб нелегальнай міграцыі было знятае з існага парадку дня. Так, праблема як такая не ўрэгуляваная, бо як толькі мяжа адкрыецца, спробы прарвацца праз яе адновяцца. Але ў штодзённай плыні падзей яна не з'яўляецца вялікім галаўным болем. А за той час, пакуль мяжа закрытая, мяняецца заканадаўства, і ў выніку праваахоўныя органы павінны атрымаць эфектыўны інструмент для падыходу да праблемы.

З майго пункту гледжання, і на польска-беларускай мяжы таксама ніякага крызісу зараз няма. Так, безумоўна, калі ў вас гіне вайсковец — гэта надзвычайнае здарэнне. Гэта не павінна дапускацца, а самае галоўнае, што гэта нікому не павінна сходзіць з рук. І я думаю, што польскае кіраўніцтва ў гэтым плане ў стане прыняць неабходныя пастановы, бо яно гатовае іх прымаць, і грамадства гатовае.

Нават пры тым, што ёсць раскол у многіх іншых пытаннях паміж ліберальным і больш кансерватыўным крыламі польскага палітычнага спектра, пытанне аб неабходнасці засцерагчы мяжу з'яўляецца фактычна пытаннем нацыянальнага кансэнсусу. І папярэдні ўрад, і цяперашні робяць адны і тыя ж рэчы, гэта вельмі важна. Гэта паказчык, які гаворыць аб тым, што разрастанне праблемы ў крызіс будзе папярэджанае.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках