23 лiстапада 2024, Субота, 13:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ГУБАЗіК адбірае бізнэс для набліжаных да сям'і Лукашэнкі

11
Як ГУБАЗіК адбірае бізнэс для набліжаных да сям'і Лукашэнкі
ІЛЛЯ ВОЛАХ

Споведзь беларускага прадпрымальніка.

У рэдакцыю сайта Charter97.org звярнуўся беларускі бізнэсовец, дырэктар будаўнічай кампаніі ТАА “Жылбудкамплект” Ілля Волах. У Беларусі ён завочна асуджаны на дзесяць гадоў нібыта за "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі".

Улады сцвярджаюць, што Ілля Волах нанёс "вялікую маёмасную шкоду" дольніам пры будаўніцтве дамоў жылога комплексу "Грушаўскі пасад" у Менску.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org Ілля Волах расказаў сваю версію падзей. Як высветлілася, да банкруцтва ягонага бізнэсу прыклаў руку ГУБАЗіК, а адзін з участкаў у цэнтры Менска, якія належаў бізнэсоўцу, атрымаў набліжаны да Лукашэнкі хакеіст, суўдзельнік забойства актывіста апазіцыі Рамана Бандарэнкі, Дзмітрый Баскаў.

Як ГУБАЗіК нішчыць бізнэс

- Прысуд быў прадказальны, але ўсё адно вельмі непрыемны. Справа вялася з 2020 года. За чатыры гады мне ставілі ў віну ўсё што хочаце: вывыд капіталу з краіны, адмыванне грошай. Правялі мільён праверак. У выніку судзілі за "перавышэнне службовых паўнамоцтваў". 10 гадоў мне, сем - фінансаваму дырэктару Аляксандру Зайцаву, - распавядае Ілля Волах.

- Коратка аб маёй кампаніі. Яна была заснавана ў Кобрыне ў 2000-м годзе мною і маім бацькам. У 2006 годзе бацька памёр, я застаўся адзін. Бізнэс развіваўся, мы сталі ўжо забудоўнікамі. Будавалі ў Менску “Грушаўскі пасад”. Аднак гэта толькі адзін з дзесяці праектаў, якія мы вялі на той час. Колькасць працоўных у кампаніі на піку было больш за 500 чалавек.

- З “Грушаўскім пасадам” звязана ваша крымінальная справа. У адкрытых крыніцах ёсць інфармацыя, што нібыта два дамы ў гэтым ЖК вы пабудавалі, трэці дом перастаў будавацца, будаўніцтва чацвёртага не пачыналася. Гэта так?

- Мы пабудавалі чатыры чаргі з усяго вялікага комплексу, яшчэ дзве чаргі ў нас засталіся. Два комплексы былі ў будаўніцтве. Адзін быў пабудаваны на 94-95%, нават паводле ацэнак УКБ “Захад” (забудоўнік, якому ўладамі быў у дадей перададзены аб'ект - заўв. рэд.).

Мы фарбавалі фасады, пад'езды, рыхтавалі комплекс да ўводу ў эксплуатацыю. Была створаная прыёмная камісія. Але ўвод аб'екта быў заблакаваны ўладамі.

- Чаму?

- Гэта вынік вайны ГУБАЗіКу супраць мяне. Прычына ў гэтым.

- З чаго пачалася гэтая вайна?

— У 2017 годзе да мяне ў кабінет прыйшоў падпалкоўнік Аляксандр Жыўлюк з ГУБАЗіКу. Запрасіў мяне да сябе і гадзін шэсць расказваў пра мой бізнэс. Хто я, што я, дзе ў мяне ёсць якія справы, чым я займаюся. Распавядаў доўга і ўпарта. Затым Жыўлюк сказаў, што ў нас ёсць агульныя знаёмыя, што трэба кагосьці з іх пасадзіць.

Ён дастаў раздрукоўку з інфармацыяй пра супрацоўніка КДБ, які ў той час прыходзіў да нас у офіс з рознымі запытамі са службовай неабходнасці, а мы давалі для агляду нейкія дакументы. Жыўлюк сказаў “давай яго пасадзім”, на што я адказаў, што нічога не маю супраць, няхай садзіць, толькі не разумею, якое гэта мае да мяне дачыненне. Я сказаў, што займаюся будаўніцтвам і хацеў бы працягваць займацца сваёй працай.

Затым Жыўлюк называў маіх знаёмых, з якімі я стэлефаноўваўся ў працы. Сказаў, што трэба пасадзіць Віктара Кучынскага, які 18 гадоў быў “дэпутатам”, а потым памочнікам Лукашэнкі. Я добра яго ведаў. Жыўлюк сказаў, што жонка Кучынскага – намесніка міністра экалогіі, “яна вар’ятка”, а самога Кучынскага трэба адправіць у турму.

Магчыма, ён чуў нейкія размовы, званкі. Пасля сыходу з палітыкі Кучынскі вёў са мной некаторыя бізнэсы.

Я сказаў Жыўлюку, што з такімі справамі - не да мяне. Ён доўга і ўпарта мяне напружваў. Патрабаваў пісаць на названых людзей фальшывыя сведчанні, яшчэ некалькі прозвішчаў назваў.

А потым я папрасіў маіх знаёмых, каб яны выйшлі на начальніка Жыўлюка і сказалі, што калі ў ГУБАЗіК да мяне няма ніякіх прэтэнзій, каб іх падначалены проста ад мяне адстаў. Маўляў, калі я ў нечым вінаваты, то давайце ўсё высветлім. Я гатовы адказваць у кожны час дня і ночы за ўсе свае справы і ўчынкі. Тады Жыўлюк знік на год, адстаў ад мяне. А ў 2018 годзе вярнуўся і сказаў, што мне гамон.

У мяне быў намеснік у юрыдычнай частцы. Яго арыштавалі на парозе майго офіса за нейкія іншыя бізнэсы, якія ніяк са мной не былі звязаныя.

Мяне зрабілі сведкам у гэтай справе, бо ён мой намеснік. Затрыманне рабіў і вёў справу вядомы ўжо нам Жыўлюк. Пазней я даведаўся, што ГУБАЗіК на майго намесніка ціснуў і прымушаў даць супраць мяне сведчанні.

Раней Жыўлюк не мог да мяне заходзіць у офіс, а пасля гэтай крымінальнай справы да мяне пачалі прыходзіць, арыштоўваць маёмасць і ціснуць канкрэтна. За мной пачалося сачэнне.

- Што вы мае на ўвазе пад словам “ціснуць”?

- У адзін дзень ва ўсіх офісах, якія ў мяне ёсць у Кобрыне, у Менску, на планёрку прыходзіў ГУБАЗіК, прычым адначасова. Яны праводзяць ператрусы, канфіскацыі. Гэта было ў 2018 годзе.

Нагоды ніякай не было: я сведка ў нейкай справе, да якой наогул дачынення ніякага, нуль. Дэпартамент фінансавых расследаванняў правёў блізу 20 праверак. Спрабавалі знайсці вывад капіталу, шукалі нешта ў Польшчы - не знайшлі нічога. Бо ніякіх грахоў за мной не было. Я адкрыта казаў: калі будуць памылкі ў бізнэсе - я гатовы заплаціць штраф, проста адчапіцеся ад мяне.

У пачатку 2019 года мяне выклікалі ў ГУБАЗіК. Сказалі: "Мы на гэты раз ужо грунтоўна падрыхтаваліся". Я кажу: "Разумею, малайцы, усё адно ў вас нічога на мяне няма, таму што ў мяне ўсё "ў белую" ў бізнэсе". Яны сказалі, што ім патрэбны намеснік губернатара Берасцейскай вобласці або ягоны сын і запатрабавалі кампрамат на іх.

За 20 гадоў у мяне было дастаткова шмат знаёмых: ад мэраў да міністраў. Што я мог ім даць? Мне не было чаго сказаць супраць гэтых людзей. ГУБАЗіК яшчэ гадзіны дзве мяне “дапытваў”, прыходзіў начальнік нейкі, угаворваў даць сведчанні. Казалі, што мяне "змелюць у парашок".

Канчатковы бенефіцыяр - хакеіст з атачэння Лукашэнкі

- А затым пачаліся праблемы з “Грушаўскім пасадам”?

- Так, мы прыходзім у кожную інстанцыю, каб атрымаць найменшы дазвол, узгадненне праекта, а там ужо пабываў ГУБАЗіК і Жыўлюк. Усе былі запалоханыя. Ён асабіста ездзіў ва ўсе службы і адміністрацыі Менска і Берасцейскай вобласці, дзе толькі маглі быць хоць нейкія інтарэсы майго бізнэсу, пагражаў і запалохваў чыноўнікаў і дзяржаўных службоўцаў, патрабаваў накладання штрафаў, адмоў усялякіх узгадненняў і пастаноў, канфіскацыі пляцаў, выдадзеных мне на падставе аўкцыёнаў. Ціснуў на старшыняў выканкамаў, іх намеснікаў, пра што мне вядома непасрэдна ад гэтых людзей.

Дзе б мы ні былі, у кожнай інстанцыі, дзе прасілі дазволіць працягнуць будаўніцтва, шараговы дакумент, які падпісваецца на працягу тыдня, мы не атрымлівалі. Апошні дакумент, увод гатовага аб'екта, - у ім нам адмовілі восем разоў. Будоўля стаіць, людзі стаяць, фірма блакуецца, а табе проста не даюць працаваць.

- А што з грашыма дольнікаў адбылося?

- Улады прынялі пастанову, забралі аб'ект, перадалі яго забудоўніку Управа капітальнага будаўніцтва (УКБ). Ёсць аб'ект коштам 10 мільёнаў даляраў, 10 тысяч метраў па 1200 - 12 мільёнаў даляраў дом. Яны яго забралі, а пазовы мне пакінулі.

Забралі ў мяне 10 мільёнаў даляраў і сказалі: "А ты грошы дольнікам аддай, а мы ім яшчэ раз прададзім за 10 мільёнаў усё". Кейс такі. Яны заблакавалі ў нас яшчэ 10 розных пляцовак. Грошы засталіся ў будаўніцтве.

- А што растлумачылі дольнікам? Бо яны выходзілі, запісвалі відэа.

- Казалі, што "зараз ва ўсім разбяруцца". Пакуль УКБ прыняў і дабудаваў першы аб'ект - аднаго з дырэктараў УКБ пасадзілі ў турму за хабар або за крадзяжы.

А як я мог скрасці грошы? Вы ж правяралі ўсё ўздоўж і ўпоперак. Дзяржкантроль, ДФР, АБЭЗ, потым зноў Дзяржкантроль - і так тры гады. ГУБАЗіКавец Жыўлюк закідваў ДФР патрабаваннямі аб праверках кожныя два месяцы. Яны штораз праводзілі нешта новае, але нічога не было. Нават з пальца высмактаць нічога не змаглі. Фактычна, гэта такі дзяржаўны рэкет.

Я ж да 2023 года ўсё спрабаваў знайсці інвестараў пад "Грушаўскі пасад", пакуль яны яшчэ ўказ не прынялі аб перадачы аб'екта. Да 2023 года можна было ўсё дабудаваць і яшчэ было б пару мільёнаў прыбытку.

Адзін з пляцаў, які ў нас забралі, купіў на аўкцыёне хакеіст Дзмітрый Баскаў (блізкі да сям'і Лукашэнкі бізнэсовец, адзін з удзельнікаў нападу на менчука Рамана Бандарэнку, што прывяло да ягонай смерці — заўв. рэд.). У цэнтры Менска мы праектавалі 80 тысяч квадратных метраў жылля. Толькі на праекты мільёны два выдаткавалі. А потым у нас яго забіраюць, а Баскаў далей тамака дабудоўвае.

- Выходзіць, што ваш бізнэс быў перададзены людзям Лукашэнкі.

- Часткова, так.

- У студзені гэтага года на БТ выйшаў фільм пра вас. Вядоўца ў ім — прапагандыстка Анастасія Бенедзісюк, якая ходзіць па калоніях і дапытвае палітвязняў. Чаму такая цікавасць да вашай справы?

- Маё меркаванне, што гэты фільм - параза ГУБАЗіКу. Яны ж за мной і сачылі, усталёўвалі праслухоўванне ў маім кабінеце. Людзі з 2017 да 2024 год займаліся мной. А поспех які? З поспехаў толькі скалечаныя лёсы дольнікаў. У гэтым я разумею. Толькі гэта не мая віна.

Я б гэтую будоўлю мог скончыць і зарабіць яшчэ пару мільёнаў даляраў у самым дрэнным моманце. Нам проста ўвесь час адмаўлялі ва ўводзе дома ў эксплуатацыю.

Бізнэс усё яшчэ па-за палітыкай?

- На прыкладзе гэтай гісторыі зразумела, як у Беларусі нішчаць бізнэс. Гэта звычайная практыка? З іншымі бізнэсоўцамі таксама паступаюць?

- Я думаў, што мяне гэта не закране, не такога ж вялікага ўзроўню прадпрымальнік. У нас быў актыў на 10 мільёнаў даляраў, мы маглі вырасці да гэтага года да 30-40 мільёнаў даляраў.

Я глядзеў на іншых бізнэсоўцаў, якіх арыштоўвалі, думаў, што, мусіць, яны нешта нарабілі. Думаў, што гэта ўсё не пра мяне. Але я памыляўся. Недаацаніў магчымасці сістэмы.

- Чаму вы столькі часу маўчалі? Бо пераслед пачаўся ў 2017 годзе, а зараз 2024-ы.

- Я не маўчаў. Звяртаўся я да сваіх знаёмых. Праз іх пісаў дырэктару ААЦ (Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі - заўв. рэд.), што ГУБАЗіК мяне цісне, што ў мяне сотні дольнікаў, што будзе бяда, што так нельга. Дырэктар ААЦ даслаў да мяне аператыўніка, ён прыйшоў, выслухаў, я яму расказваў пра сваю справу дзве гадзіны. Ён мне потым кажа: "Давай ты нам Жыўлюка на дыктафон запішаш". Адказваю, што я будаўнік, хачу будаваць, а вы пастаўце яго на месца. А супрацоўнік ААЦ мне адказвае, што "так сістэма не працуе".

Пасля мне тэлефанаваў чалавек ад КДБ і прапаноўваў перапісаць бізнэс на яго. “Мы праблемы развяжам, а табе ўмоўны тэрмін дадуць. Перапішы кампанію, а мы тут разбяромся”. Разы тры мне тэлефанавалі. Я сказаў, што падумаю, а потым проста паслаў іх усіх. Падлай харчуюцца, у іх такі бізнэс.

- Вы з'ехалі з Беларусі ў 2019 годзе. Чаму?

- Баяўся, што падкінуць патроны, наркотыкі. Я ведаю, як працуе ГУБАЗіК, ведаю іх метады, таму што ў мяне былі знаёмыя, якія там служылі.

- Вы зараз знаходзіцеся за мяжой, дзесяць гадоў турмы не пагражаюць. Але на сем гадоў быў асуджаны фінансавы дырэктар фірмы Аляксандр Зайцаў.

- Ён проста "ахвярны казёл". Чалавек не прымаў ніякіх пастаноў. Гэта фінансавы дырэктар. Ён кіраваў бухгалтэрыяй. Але знайшлі, што нібыта дадатковы заробак атрымліваў. Чалавек сябе абгаварыў пасля арышту. Відавочна, Зайцаў вельмі добра супрацоўнічаў са следствам, яму шмат што паабяцалі, як гэта звычайна бывае, але пасадзілі на сем гадоў. Ён, мусіць, разлічваў, што з залы суда вызваліцца і будзе шчаслівы.

- Вы прапаноўвалі Зайцаву з'ехаць?

- Яшчэ некалькі гадоў таму, калі пачалі ўсіх на допыты выклікаць. Казаў, што трэба з'язджаць. Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, жывуць у нейкім ілюзорным свеце. Я таксама думаў, што гэта ўсё мяне не закране.

— Гэта першае ваша інтэрв'ю, у якім вы расказваеце абставіны справы. Я так разумею, што ўсе гэтыя гады, паколькі публічна вы не агучвалі сваю пазіцыю, у дольнікаў "Грушаўскага пасада" назапасілася вельмі шмат прэтэнзій. У вас зараз ёсць магчымасць гэтым людзям нешта сказаць.

- Я думаў, што ГУБАЗ ад мяне адстане, вярнуся ў Беларусь і далей буду рабіць сваю працу. У мяне быў такі план. Атрымалася, што калі я з'ехаў, Жыўлюк усё больш і больш пачаў актыўнічаць, блакаваць усюды працу прадпрыемстваў. “Грушаўскі пасад” - гэта не адзіны праект. У нас было блізу дзесяці праектаў, якія яны забралі рознымі спосабамі. Улады ўсюды пісалі, што я “набраў грошай і ўцёк”, але ж было шмат іншых праектаў, куды былі ўкладзеныя грошы, вялася праца, плаціліся заробкі.

Мы сустракаліся з дольнікамі, з ініцыятыўнай групай, калі я быў ужо ў Польшчы. Слушнае пытанне: “Чаму вас няма, чаму вы з'ехалі?” Я кажу, што ёсць палкоўнік Жыўлюк, я не магу прыехаць. Спрабавалі дыстанцыйна развязаць. У нас былі актывы, мы іх усё прадавалі для таго, каб працягваць будаўніцтва. Мы прадавалі кватэры, офісы і ўсё, што там было. Я не вінаваты, гэта сістэма.

- У Беларусі бізнэс заўсёды стараўся трымацца далей ад палітыкі. Чаму не атрымліваецца за дыктатурай проста зарабляць грошы?

— Бізнэс сам па сабе так створаны, што “мая хата з краю”. Я ўмею, умоўна кажучы, шыць боты - я буду шыць боты, вы мяне не чапайце, самі разбірайцеся. Але потым па цябе прыходзяць. Ёсць такі выраз: калі ты не займаешся палітыкай, то яна зоймецца табой. Я памятаю яго яшчэ ад настаўніцы гісторыі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках