Як вялікі князь Альгерд уціхамірыў маскоўскага ўладара
1- 7.06.2024, 13:32
- 2,256
Аб бітве на рацэ Траене.
Малады маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч, маючы падтрымку маскоўскіх баяр і паўночна-ўсходніх земляў, быў незадаволены хаўрусам Вялікага княства Літоўскага з Цвярскім княствам і пагражаў вайной вялікаму князю літоўскаму Альгерду, піша vklby.com.
У мэтах уціхамірвання маскоўскага князя Альгерд хутка арганізаваў вайсковую выправу на Маскву. Выкарыстоўваючы сваю ўпадабаную тактыку ён, хаваючы свае намеры, і ведучы свае войскі як мага менш прыкметна, выйшаў да маскоўскіх земляў не з боку Цвярскога княства, якое знаходзілася на паўночным захадзе ад Масквы, а з паўднёвага захаду, што было вялікай неспадзяванкай для маскоўскага князя Дзмітрыя.
Падыходзячы да Масквы, Альгерд знішчыў разрозненыя загоны маскоўскай раці, дзе разам са сваімі палкамі загінулі князі Канстанцін Абаленскі і Сямён Старадубскі.
Галоўная бітва паміж войскамі Альгерда і Дзмітрыя Іванавіча адбылася 21 лістапада 1368 года, на рацэ Траене, прытоку Рузы. Цалкам разбіўшы палкі Маскоўскага княства, Альгерд падступіў да Масквы, дзе за крамлёўскімі мурамі, у страху за сябе, схаваўся Дзмітрый Іванавіч, чакаючы штурму места.
Альгерд не стаў браць Маскву, магчыма, ён наважыў паберагчы сілы і сваіх жаўнераў, ведаючы, што зімовыя маразы вось-вось надыдуць, а працяглая аблога будзе вельмі цяжкай і можа скончыцца поўным крахам, але, мабыць, ён не стаў захопліваць места, бо Масква плаціла даніну Залатой Ардзе, з якой Альгерд не хацеў пачынаць небяспечнай для яго вайны.
Разрабаваўшы за тры дні прадмесце Масквы і наваколлі, Альгерд з вялікай здабычай павёў свае войскі назад у Літву, але ўжо іншай дарогай.